- 1. Псальма Давідава. Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!
- 2. Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;
- 3. новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,
- 4. бо слова Гасподняе - шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.
- 5. Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.
- 6. Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных - усе сілы нябесныя.
- 7. Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.
- 8. Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,
- 9. бо сказаў Ён - і сталася; Ён загадаў - і зьявілася.
- 10. Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.
- 11. А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага - з роду ў род.
- 12. Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, - племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.
- 13. Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;
- 14. з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:
- 15. Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.
- 16. Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.
- 17. Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.
- 18. Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,
- 19. што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.
- 20. Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;
- 21. Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.
- 22. Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.
Ничего нет для сопоставления.