- 1. Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
- 2. калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.
- 3. Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!
- 4. Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:
- 5. бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.
- 6. Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.
- 7. Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.
- 8. Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.
- 9. Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.
- 10. Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.
- 11. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.
- 12. Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.
- 13. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.
- 14. Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.
- 15. Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.
- 16. Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.
- 17. Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:
- 18. бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.
- 19. Ахвяра Богу - дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.
- 20. Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.
- 21. Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.
Ничего нет для сопоставления.