- 1. Песьня. Псальма Асафава.
- 2. Божа! Не перамоўчы, не маўчы, і не заставайся спакойны, Божа!
- 3. Бо вось, ворагі Твае зашумелі, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву:
- 4. супроць народу Твайго склалі падступную змову, і раяцца супроць тых, каго Ты ахоўваеш;
- 5. сказалі: "пойдзем і вынішчым іх з народаў, каб і ня згадвалася болей імя Ізраіля".
- 6. Змовіліся аднадушна, склалі супроць Цябе хаўрус:
- 7. селішчы Эдомавыя і Ізмаільцяне, Мааў і Агаране,
- 8. Гевал і Амон і Амалік, Філістымляне з жыхарамі Тыра;
- 9. і Асур прыстаў да іх; яны сталі сілаю ўсім сынам Лотавым.
- 10. Зрабі ім тое самае, што Мадыяму, што Сісару, што Явіну каля патока Кісона,
- 11. якія вынішчаны ў Аэндоры, зрабіліся гноем зямлі.
- 12. Зрабі зь імі, з уладарамі іхнімі, як з Орывам і Зівам, і з усімі правадырамі іхнімі, як зь Зэвэем і Салманам,
- 13. якія казалі: "возьмем сабе на валоданьне селішчы Божыя".
- 14. Божа мой! хай будуць яны, як пыл у віхуры, як на вятры салома.
- 15. Як вагонь выпальвае лес, і як полымя апальвае горы,
- 16. так гані іх бураю Тваёю, і настрашы іх бураю Тваёю,
- 17. напоўні аблічча іхняе сорамам, каб шукалі яны імя Тваё, Госпадзе!
- 18. Хай пасаромяцца і настрашаны будуць навечна, хай брыдка ім будзе і хай загінуць,
- 19. і няхай яны ведаюць, што Ты, Каму адзінаму імя - Гасподзь, Усявышні над усёю зямлёю.
Ничего нет для сопоставления.