- 1. І прыйшоў Ён зноў у Капернаум праз некалькі дзён,
і чутна стала, што Ён у доме. - 2. І адразу сабраліся многія,
так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах,
і Ён казаў ім слова. - 3. І прыйшлі, несучы да Яго паралізаванага,
якога трымалі на руках чацвёра; - 4. і, не маючы як наблізіцца да Яго з-за натоўпу,
яны раскрылі дах над тым месцам, дзе Ён быў,
і, пракапаўшы, апусцілі пасцель, на якой ляжаў паралізаваны. - 5. І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа паралізаванаму:
сыне, адпускаюцца твае грахі. - 6. Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў
і разважалі ў сэрцах сваіх: - 7. Што ён гэтак Бога зневажае?
Хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога? - 8. І адразу Іісус, спазнаўшы духам Сваім,
што яны так разважаюць у сабе,
кажа ім: што гэта вы разважаеце ў сэрцах вашых? - 9. Што лягчэй?
Сказаць паралізаванаму: "адпускаюцца твае грахі"
ці сказаць: "устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі"? - 10. Але каб вы ведалі,
што мае ўладу Сын Чалавечы на зямлі адпускаць грахі, —
кажа паралізаванаму: - 11. табе кажу: устань,
і вазьмі пасцель тваю,
і ідзі ў дом твой. - 12. І адразу ўстаў той,
і ўзяўшы пасцель, выйшаў перад усімі,
так што здзіўляліся ўсе і славілі Бога,
кажучы: ніколі такога мы не бачылі. - 13. І выйшаў Іісус зноў да мора;
і ўвесь народ ішоў да Яго,
і Ён вучыў іх. - 14. І, праходзячы, ўбачыў Ён Левія Алфеевага,
які сядзеў на мытні,
і кажа яму: ідзі ўслед за Мною.
І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім. - 15. І калі Іісус узляжаў у доме яго,
многія мытнікі і грэшнікі
ўзляжалі з Іісусам і з вучнямі Яго;
бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім. - 16. І кніжнікі і фарысеі,
убачыўшы, што Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі,
казалі вучням Яго:
як гэта з мытнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е? - 17. І, пачуўшы, Іісус кажа ім:
не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў,
а грэшнікаў да пакаяння. - 18. Вучні Іаанавы і фарысейскія пасцілі.
І прыходзяць і кажуць Яму:
чаму вучні Іаанавы і фарысейскія посцяць,
а Твае вучні не посцяць? - 19. І сказаў ім Іісус:
хіба могуць пасціць сыны харомаў вясельных, калі з імі жаніх?
Дакуль жаніх з імі, не могуць пасціць. - 20. Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх жаніх,
і тады будуць пасціць у тыя дні. - 21. Ніхто латкі з палатна нябеленага не прышывае да адзежыны старой,
інакш прышытым парвецца старое,
і дзірка будзе яшчэ горшая. - 22. І ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя:
інакш прарве віно маладое мяхі,
і віно выцеча,
і мяхі прападуць;
а віно малодае ў мяхі новыя ўліваць трэба. - 23. І давялося Яму ў суботу праходзіць пасевамі,
і пачалі вучні Яго дарогаю зрываць калоссе. - 24. І фарысеі казалі Яму:
паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена? - 25. І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід,
калі патрэбу меў і згаладаўся сам і тыя, што былі з ім? - 26. як ён увайшоў у дом Божы пры Авіафары-першасвятары
і з’еў ахвярныя хлябы,
якіх не дазволена было есці нікому, акрамя святароў,
і даў таксама тым, што былі з ім. - 27. І казаў ім: субота ўзнікла дзеля чалавека,
а не чалавек дзеля суботы. - 28. Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Марка > Глава 2