Глава 6

  • 1. І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў бацькаўшчыну Сваю,
    і за Ім ішлі вучні Яго.
  • 2. І калі настала субота, пачаў Ён вучыць у сінагозе,
    і многія слухачы дзівіліся, кажучы: адкуль у Яго гэта?
    і што за мудрасць дадзена Яму,
    і як такія цуды творацца рукамі Яго?
  • 3. Ці не цясляр гэта, сын Марыі
    і брат Іакава, Іасіі, Іуды і Сімана?
    І ці не сёстры Яго тут сярод нас?
    І спакушаліся аб Ім.
  • 4. Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без пашаны,
    хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй,
    і ў родных сваіх, і ў доме сваім.
  • 5. І не мог там ніякага цуду стварыць,
    толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх рукі, ацаліў.
  • 6. І дзівіўся нявер’ю іх.
    І хадзіў па навакольных селішчах, навучаючы.
  • 7. І паклікаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое
    і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
  • 8. І наказаў ім нічога не браць у дарогу,
    акрамя аднаго посаха:
    ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе;
  • 9. але абувацца ў сандалі і не насіць дзвюх вопратак.
  • 10. І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом,
    заставайцеся ў ім, пакуль не пойдзеце адтуль;
  • 11. і калі хто не прыме вас і не паслухаецца вас,
    то выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых
    у сведчанне ім.
    Праўду кажу вам:
    лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень судны,
    чым гораду таму.
  • 12. І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
  • 13. і дэманаў многіх выганялі,
    і памазвалі алеем многіх хворых, і ацалялі.
  • 14. І дачуўся пра Іісуса цар Ірад,
    бо вядомым стала імя Яго,
    і казаў: гэта Іаан Хрысціцель з мёртвых паўстаў,
    і таму цуды дзеюцца ім.
  • 15. Іншыя казалі: гэта Ілія,
    а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.
  • 16. А Ірад, пачуўшы,
    сказаў: гэта Іаан, якому я адсек галаву,
    ён паўстаў з мёртвых.
  • 17. Бо сам Ірад паслаў
    схапіць Іаана і звязаў яго ў цямніцы
    з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго,
    таму што ажаніўся з ёю.
  • 18. Бо Іаан казаў Іраду:
    не належыць табе мець жонку брата твайго.
  • 19. А Ірадыяда, гневаючыся на яго,
    жадала яго забіць,
    ды не магла.
  • 20. Бо Ірад баяўся Іаана,
    ведаючы яго як чалавека праведнага і святога,
    і аберагаў яго,
    і шмат рабіў, слухаючыся яго,
    і з ахвотаю яго слухаў.
  • 21. І настаў зручны дзень,
    калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння
    ладзіў пір вяльможам сваім,
    тысячаначальнікам і старэйшынам Галілейскім,
  • 22. і ўвайшла дачка Ірадыяды,
    і танцавала, і дагадзіла Іраду і тым, што ўзляжалі з ім.
    Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш,
    і дам табе.
  • 23. І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе,
    хоць і паўцарства майго.
  • 24. Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць?
    Тая адказала: галаву Іаана Хрысціцеля.
  • 25. І яна адразу, паспешліва ўвайшоўшы да цара,
    прасіла, кажучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне
    на блюдзе галаву Іаана Хрысціцеля.
  • 26. І засмуціўся цар,
    але дзеля клятвы і тых, што ўзляжалі з ім,
    не захацеў адмовіць ёй.
  • 27. І адразу, паслаўшы целаахоўніка,
    цар загадаў прынесці галаву яго.
  • 28. Той, пайшоўшы, адсек яму галаву ў цямніцы
    і прынёс на блюдзе
    і аддаў яе дзяўчыне,
    а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
  • 29. І, дачуўшыся, вучні яго
    прыйшлі і ўзялі цела яго,
    і паклалі яго ў магілу.
  • 30. І сабраліся апосталы да Іісуса
    і расказалі Яму ўсё:
    і што зрабілі, і чаму навучылі.
  • 31. І сказаў ім:
    пайдзіце вы самі, асобна, у пустэльнае месца і адпачніце крыху.
    Бо многія прыходзілі і адыходзілі,
    так што і паесці ім не было калі.
  • 32. І адправіліся яны ў пустэльнае месца на лодцы асобна.
  • 33. І ўбачыў народ, як яны адплывалі,
    і пазналі іх многія,
    і пехатою з усіх гарадоў спяшаліся туды,
    і апярэдзілі іх,
    і сышліся да Яго.
  • 34. І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей
    і пашкадаваў іх,
    бо яны былі як авечкі без пастыра;
    і пачаў іх вучыць многа.
  • 35. І калі быў ужо час позні,
    вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі:
    месца тут пустэльнае, і ўжо час позні,
  • 36. адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды селішчы
    і купілі сабе хлеба, бо не маюць чаго есці.
  • 37. Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці.
    І кажуць Яму: ці не пайсці нам купіць хлябоў дынарыяў на дзвесце
    і даць ім есці?
  • 38. Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў маеце?
    Ідзіце і паглядзіце.
    І даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябоў і дзве рыбіны.
  • 39. І загадаў ім рассадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
  • 40. І ўзляглі ў рады па сто і па пяцьдзесят.
  • 41. І, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны,
    узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламіў хлябы,
    і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім,
    і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
  • 42. І елі ўсе і насыціліся.
  • 43. І назбіралі кавалкаў хлеба дванаццаць поўных кашоў
    і рэшты ад рыбы.
  • 44. А было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
  • 45. І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку
    і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаіды,
    пакуль Ён адпусціць людзей.
  • 46. І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
  • 47. І як настаў вечар, лодка была пасярод мора,
    а Ён адзін на зямлі.
  • 48. І ўбачыў іх, знясіленых веславаннем,
    бо вецер дзьмуў насупраць ім;
    і каля чацвёртай варты ночы
    наблізіўся да іх, ідучы па моры,
    і хацеў абмінуць іх.
  • 49. Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры,
    падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
  • 50. Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся.
    І адразу загаварыў з імі
    і сказаў ім: мацуйцеся,
    гэта Я, не бойцеся.
  • 51. І ўвайшоў да іх у лодку;
    і вецер суняўся.
    І яны надзвычай былі ўзрушаныя ў сабе і здзіўляліся.
  • 52. Бо не ўразумелі таго, што адбылося з хлябамі,
    бо сэрца ў іх было скамянелае.
  • 53. І, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую,
    і прысталі да берага.
  • 54. І калі выйшлі яны з лодкі,
    адразу людзі пазналі Яго ,
  • 55. і, аббегшы ўсё наваколле тое,
    і пачалі на пасцелях прыносіць хворых
    туды, дзе, па чутках, быў Ён.
  • 56. І куды б ні прыходзіў Ён,
    у паселішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі,
    на людных месцах клалі хворых
    і прасілі Яго, каб хоць да краю адзення Яго дакрануцца;
    і тыя, што дакраналіся да Яго, уратоўваліся.