Глава 10

  • 1. І, выйшаўшы адтуль,
    прыходзіць у межы Іудзеі стараной заіарданскай.
    І збіраюцца зноў да Яго натоўпы,
    і, як звычайна, зноў вучыў іх.
  • 2. І, падышоўшы, фарысеі
    спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго:
    ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай?
  • 3. Ён жа сказаў ім у адказ: што запаведаў вам Маісей?
  • 4. Яны сказалі:
    Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца.
  • 5. І, адказваючы, Іісус сказаў ім:
    з-за жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь;
  • 6. але ад пачатку стварэння
    мужчынам і жанчынай стварыў іх Бог.
  • 7. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
  • 8. і прылепіцца да жонкі сваёй,
    і будуць двое плоццю адною,
    так што яны ўжо не двое, але адна плоць.
  • 9. Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
  • 10. І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
  • 11. І сказаў ім:
    Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншаю,
    той пралюбадзейнічае супраць яе;
  • 12. і калі жонка развядзецца з мужам сваім
    і выйдзе замуж за іншага,
    пралюбадзейнічае.
  • 13. І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх,
    а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
  • 14. Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім:
    пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне
    і не перашкаджайце ім;
    бо такіх ёсць Царства Божае.
  • 15. Праўду кажу вам:
    хто не прыме Царства Божага, як дзіця,
    той не ўвойдзе ў яго.
  • 16. І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і благаславіў іх.
  • 17. І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта
    і, упаўшы на калені перад Ім,
    спытаўся ў Яго: Настаўнік добры!
    Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
  • 18. Іісус жа сказаў яму: што называеш Мяне добрым?
    Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
  • 19. Ведаеш запаведзі: "не пралюбадзейнічай;
    не забівай;
    не крадзі;
    не сведчы лжыва;
    не крыўдзі;
    шануй бацьку твайго і маці".
  • 20. Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік!
    усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
  • 21. Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбіў яго
    і сказаў яму: аднаго табе не хапае:
    ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім;
    і мець будзеш скарб на небе;
    і прыходзь, і ідзі за Мной, узяўшы крыж.
  • 22. А той, азмрочаны гэтым словам, адышоў у смутку,
    бо меў вялікую маёмасць.
  • 23. І, паглядзеўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім:
    як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае.
  • 24. Вучні жахаліся ад словаў Яго.
    А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці!
    як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
  • 25. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка,
    чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
  • 26. Яны ж надзвычай здзіўляліся,
    гаворачы між сабою: хто ж тады можа быць збаўлены?
  • 27. Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў:
    людзям гэта немагчыма, але не Богу,
    бо ўсё магчыма Богу.
  • 28. Пачаў Пётр гаварыць Яму:
    вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
  • 29. Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам:
    няма нікога, хто пакінуў дом,
    ці братоў, ці сясцёр,
    ці бацьку, ці маці,
    ці жонку, ці дзяцей,
    ці палі, дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
  • 30. і не атрымае цяпер, у час гэты, пры ганеннях,
    у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр,
    і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў,
    а ў веку наступным жыцця вечнага;
  • 31. многія ж першыя будуць апошнімі
    і апошнія першымі.
  • 32. Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім,
    і паперадзе іх ішоў Іісус, а яны жахаліся
    і, услед ідучы, былі ў страху.
    І узяўшы зноў дванаццаць,
    пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца:
  • 33. вось мы ўзыходзім у Іерусалім
    і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам,
    і асудзяць Яго на смерць,
    і выдадуць Яго язычнікам;
  • 34. і наглумяцца над Ім,
    і будуць бічаваць Яго
    і пляваць на Яго,
    і заб’юць Яго;
    і на трэці дзень уваскрэсне.
  • 35. І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны Зевядзеевы,
    кажучы: Настаўнік!
    хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
  • 36. А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
  • 37. Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці
    аднаму справа ад Цябе,
    а другому злева ад Цябе,
    у славе Тваёй.
  • 38. Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго просіце;
    ці можаце піць чашу, якую Я п’ю
    і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца?
  • 39. Яны ж сказалі Яму: можам.
    А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць
    і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца;
  • 40. а сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю,
    але гэта для тых, каму ўгатавана.
  • 41. І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
  • 42. А Іісус, паклікаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце,
    што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі,
    і вяльможы іх уладараць імі.
  • 43. Але не так няхай будзе сярод вас:
    а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою;
  • 44. і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
  • 45. Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі,
    але каб паслужыць
    і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх.
  • 46. І прыходзяць у Іерыхон.
    І калі выходзіў Ён з Іерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам народу,
    сын Цімееў, Варцімей сляпы,
    сядзеў пры дарозе, жабруючы.
  • 47. І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэй, пачаў крычаць
    і казаць: Сыне Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
  • 48. І многія патрабавалі ад яго, каб замаўчаў,
    але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
  • 49. І, спыніўшыся, Іісус сказаў паклікаць яго.
    І паклікалі сляпога,
    кажучы яму: мацуйся, устань, кліча цябе.
  • 50. Ён жа, скінуўшы вопратку сваю,
    устаў і прыйшоў да Іісуса.
  • 51. І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе?
    Сляпы сказаў Яму: Раввуні! каб мне бачыць.
  • 52. Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе.
    І адразу стаў бачыць
    і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.