Глава 16

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
  • 1. І калі мінула субота,
    Марыя Магдаліна і Марыя Іакавава, і Саламія
    купілі духмянасцяў, каб, прыйшоўшы, памазаць Яго.
  • 2. І вельмі рана ў першы дзень тыдня
    прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,
  • 3. і гаварылі між сабою:
    хто адваліць нам камень ад увахода ў магілу?
  • 4. І, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены;
    а быў ён надта вялікі.
  • 5. І, увайшоўшы ў магілу,
    яны ўбачылі юнака, што сядзеў справа,
    апрануты ў белы ўбор;
    і жахнуліся.
  • 6. А ён кажа ім: не жахайцеся.
    Іісуса шукаеце Назараніна, распятага;
    Ён уваскрэс, Яго няма тут.
    Вось месца, дзе паклалі Яго.
  • 7. Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру,
    што Ён ідзе перад вамі ў Галілею;
    там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
  • 8. І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы;
    іх ахапіла трымценне і жах,
    і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
  • 9. А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня,
    явіўся перш Марыі Магдаліне,
    з якой выгнаў быў сем дэманаў.
  • 10. Яна, пайшоўшы, абвясціла тым, што былі з Ім,
    якія смуткавалі і плакалі;
  • 11. і тыя, пачуўшы, што Ён жывы і што яна бачыла Яго,
    не паверылі.
  • 12. Пасля ж гэтага
    явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю,
    калі яны ішлі ў сяло.
  • 13. І тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім;
    але і ім не паверылі.
  • 14. Нарэшце, явіўся Ён і самім адзінаццаці,
    калі яны ўзляжалі на вячэры,
    і дакараў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца,
    што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.
  • 15. І сказаў ім: ідучы па ўсім свеце,
    прапаведуйце Евангелле ўсяму стварэнню.
  • 16. Хто будзе мець веру і хрысціцца, той збаўлены будзе;
    а хто не будзе мець веры, асуджаны будзе.
  • 17. А тых, хто ўверуе, будуць суправаджаць знаменні такія:
    імем Маім будуць яны выганяць дэманаў;
    будуць гаварыць новымі мовамі;
  • 18. будуць браць змей;
    а калі што смяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім;
    на хворых ускладуць рукі, і тыя будуць здаровыя.
  • 19. І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх,
    узнёсся на неба і сеў праваруч Бога.
  • 20. А яны, выйшаўшы,
    прапаведавалі ўсюды, і Гасподзь садзейнічаў ім
    і пацвярджаў слова знаменнямі ўслед.
    Амінь.