- 1. І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
- 2. палічы сыноў Каатавых з сыноў Лявіі паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,
- 3. ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, каб несьці працу ў скініі сходу.
- 4. Вось служба сыноў Каатавых у скініі сходу: насіць Сьвятое Сьвятых.
- 5. Калі табару трэба выправіцца ў дарогу, Аарон і сыны ягоныя ўвойдуць, і здымуць заслону, якою закрываюць, і накрыюць ёю каўчэг адкрыцьця;
- 6. і пакладуць на яе покрыва са скураў сіняга колеру, а паўзьверх яго накінуць покрыва ўсё з блакітнай воўны, і ўставяць жэрдкі яго;
- 7. і стол хлябоў ахвяраваньня накрыюць тканінай з блакітнай воўны, і паставяць на ім місы, талеркі, чары і кубкі для паліваньня, і хлеб яго заўсёдны павінен быць на ім;
- 8. і пакладуць на іх тканіну барвовую, і накрыюць яе покрывам са скуры сіняга колеру, і ўставяць жэрдкі яго;
- 9. і возьмуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць сьвяцільню і лампады яго, і абцугі яго і латкі яго, і ўвесь посуд пад алей, які ўжываецца пры ім,
- 10. і накрыюць яго і ўсе прылады яго покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі;
- 11. і на залаты ахвярнік пакладуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.
- 12. І возьмуць усе рэчы службовыя, якія ўжываюцца на служэньні ў сьвятыні, і пакладуць у тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць іх покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі.
- 13. І ачысьцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго тканінаю пурпуроваю;
- 14. і пакладуць на яго ўвесь посуд яго, які ўжываецца ў служэньні каля яго - вугольніцы, відэльцы, лапаткі і чары, увесь посуд ахвярніка - і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.
- 15. Калі, пры выпраўленьні ў дарогу табара, Аарон і сыны ягоныя накрыюць усю сьвятыню і ўсе рэчы сьвятыні, тады сыны Кааты падыдуць, каб несьці; але не павінны яны дакранацца да сьвятыні, каб не памерці. Гэтыя часткі скініі сходу павінны насіць сыны Каатавыя.
- 16. Элеазару, сыну Аарона сьвятара, даручаецца алей для сьвяцільні і пахучае дымленьне, і заўсёднае хлебнае прынашэньне і алей памазаньня, - даручаецца ўся скінія і ўсё, што ў ёй, сьвятыня і прылады яе.
- 17. І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
- 18. не загубеце племя родаў Каатавых спасярод лявітаў,
- 19. але вось, што зрабеце ім, каб яны былі жывыя і не памерлі, калі падыходзяць да Сьвятога Сьвятых: Аарон і сыны Ягоныя няхай прыйдуць і паставяць іх кожнага ў служэньні ягоным і каля ношы ягонае;
- 20. але самыя яны не павінны падыходзіць, глядзець сьвятыню; калі накрываюць яе, каб не памерці.
- 21. І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
- 22. палічы і сыноў Гірсонавых паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх,
- 23. ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы іх усіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.
- 24. Вось працы сямействаў Гірсонавых, пры іхнім служэньні і нашэньні цяжараў:
- 25. яны павінны насіць покрывы скініі, і скінію сходу, і покрыва яе, і покрыва скураное сіняе, якое паверсе яго, і заслону на ўваход у скінію сходу,
- 26. і заслоны двара, і заслону на ўваход у двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі іх і ўсе рэчы, якія належаць да іх; і ўсё, што робіцца пры іх, яны павінны рабіць;
- 27. па загадзе Аарона і сыноў ягоных павінны чыніцца ўсе службы сыноў Гірсонавых пры ўсякім нашэньні цяжараў і ўсякай працы іхняй, і даручэце іх захаваньню ўсё, што яны носяць;
- 28. вось службы родаў сыноў Гірсонавых у скініі сходу, і вось, што даручаецца іх захаваньню пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.
- 29. Сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх палічы,
- 30. ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы ўсіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.
- 31. Вось, што яны павінны насіць, пасьля службы іхняй пры скініі сходу: брусы скініі і жэрдкі яе, і слупы яе і падножжы яе,
- 32. і слупы двара з усіх бакоў і падножжы іх, і калы іх і вяроўкі іх, і ўсе рэчы пры іх і ўсе прылады іх; і паімнённа палічэце рэчы, якія яны абавязаны насіць;
- 33. вось працы родаў сыноў Мэрарыных, пасьля службы іх пры скініі сходу, пад нагладам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.
- 34. І палічылі Майсей і Аарон і правадыры супольства сыноў Каатавых паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,
- 35. ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, для працы ў скініі сходу;
- 36. і было палічана, паводле родаў іхніх, дзьве тысячы сямсот пяцьдзясят:
- 37. гэта - палічаныя з родаў Каатавых, усе службы пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.
- 38. І палічаны сыны Гірсонавыя паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,
- 39. ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы ў скініі сходу;
- 40. і было палічана паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць:
- 41. гэта - палічаныя з родаў сыноў Гірсона, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон, па загадзе Гасподнім.
- 42. І палічаны роды сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,
- 43. ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы пры скініі сходу;
- 44. і было налічана паводле родаў іхніх тры тысячы дзьвесьце:
- 45. гэта - палічаныя з родаў сыноў Мэрарыных, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.
- 46. І палічаны ўсе лявіты, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,
- 47. ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы ў працы і нашэньня ў скініі сходу;
- 48. і было налічана іх восем тысяч пяцьсот восемдзесят;
- 49. па загадзе Гасподнім праз Майсея вызначаны яны кожны да сваёй працы і нашэньня, і палічаны, як загадаў Гасподзь Майсею.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Лiкi > Глава 4