- 1. І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся на руінах Маава, каля Ярдана, насупраць Ерыхона.
- 2. І ўбачыў Валак, сын Сэпфораў, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэям;
- 3. і вельмі баяліся Маавіцяне народу гэтага, бо ён быў шматлікі; і збаяліся Маавіцяне сыноў Ізраілевых.
- 4. І сказалі Маавіцяне старэйшынам Мадыямскім: гэты народ зьядае цяпер усё вакол нас, як вол зьядае траву палявую. А Валак, сын Сэпфораў быў царом Маавіцянаў у той час.
- 5. І паслаў ён паслоў да Валаама, сына Вэоравага, у Пэтор, што на рацэ Еўфраце, у зямлі сыноў народу яго, каб паклікаць яго і сказаць: вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі, і жыве ён каля мяне;
- 6. дык вось, прыйдзі, пракляні мне народ гэты, бо ён мацнейшы за мяне: можа, тады я змагу разьбіць яго і выгнаць яго зь зямлі; я ведаю, што каго ты дабраславіш, той дабраславёны, і каго ты праклянеш, той пракляты.
- 7. І пайшлі старэйшыны Маавіцкія і старэйшыны Мадыямскія, з дарункамі ў руках за чарадзейства, і пайшлі да Валаама, і пераказалі яму словы Валакавыя.
- 8. І сказаў ён ім: заначуйце тут ноч, і дам вам адказ, як скажа мне Гасподзь. І засталіся старэйшыны Маавіцкія ў Валаама.
- 9. І прыйшоў Бог да Валаама і сказаў: якія гэта людзі ў цябе?
- 10. Валаам сказаў Богу: Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, прыслаў да мяне:
- 11. вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі; дык вось, прыйдзі, пракляні мне яго; можа, я тады змагу падужацца зь ім і выгнаць яго.
- 12. І сказаў Бог Валааму: не хадзі зь імі, не праклінай народу гэтага, бо ён дабраславёны.
- 13. І ўстаў Валаам раніцай і сказаў князям Валакавым: ідзеце ў зямлю вашу, бо ня хоча Гасподзь дазволіць мне ісьці з вамі.
- 14. І ўсталі князі Маавіцкія, і прыйшлі да Валака, і сказалі: не згадзіўся Валаам ісьці з намі.
- 15. Валак паслаў яшчэ князёў, пабольш і знакаміцейшых за тых.
- 16. І прыйшлі яны да Валаама і сказалі яму: так кажа Валак, сын Сэпфораў: не адмоўся прыйсьці да мяне;
- 17. я зраблю табе вялікі гонар і зраблю ўсё, што ні скажаш мне; прыйдзі ж, пракляні мне народ гэты.
- 18. І адказваў Валаам і сказаў рабам Валакавым: хоць бы Валак даваў мне поўны дом срэбра і золата, не магу пераступіць загадаў Госпада, Бога майго, і зрабіць што-небудзь малое альбо вялікае;
- 19. зрэшты, застаньцеся і вы тут нанач, і я даведаюся, што яшчэ скажа мне Гасподзь.
- 20. І прыйшоў Бог да Валаама ўначы і сказаў яму: калі людзі гэтыя прыйшлі клікаць цябе, устань, і ідзі зь імі! але толькі рабі тое, што Я буду казаць табе.
- 21. Валаам устаў раніцай, асядлаў асьліцу сваю і пайшоў з князямі Маавіцкімі.
- 22. І запалаў гнеў Божы за тое, што ён пайшоў, і стаў анёл Гасподні на дарозе, каб перашкодзіць яму. Ён ехаў на асьліцы сваёй і два слугі ягоныя.
- 23. І ўбачыла асьліца анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і зьвярнула асьліца з дарогі і пайшла на поле; а Валаам пачаў біць асьліцу, каб вярнуць яе на дарогу.
- 24. І стаў анёл Гасподні на вузкай дарозе, паміж вінаграднікамі, дзе з аднаго боку сьцяна і з другога боку сьцяна.
- 25. Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, прыціснулася да сьцяны і прыціснула нагу Валаама да сцяны; і ён зноў пачаў біць яе.
- 26. Анёл Гасподні зноў перайшоў і стаў у цесным месцы, дзе ня было куды зьвярнуць, ні налева, ні направа.
- 27. Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, легла пад Валаамам. І запалаў гнеў Валаама, і пачаў ён біць асьліцу кіем.
- 28. І разамкнуў Гасподзь вусны асьліцы, і яна сказала Валааму: што я табе зрабіла, што ты бэеш мяне вось ужо трэці раз?
- 29. Валаам сказаў асьліцы: за тое, што ты паглумілася зь мяне; калі б у мяне ў руцэ быў меч, дык я цяпер ужо забіў бы цябе.
- 30. А асьліца сказала Валааму: ці ня я твая асьліца, на якой ты езьдзіў з пачатку да гэтага дня? ці мела я звычку так рабіць з табою? Ён сказаў: не.
- 31. І адкрыў Гасподзь вочы Валааму, і ўбачыў ён анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і пакланіўся, і ўпаў на аблічча сваё.
- 32. І сказаў яму анёл Гасподні: за што ты біў асьліцу тваю аж тры разы? Я выйшаў, каб перашкодзіць табе, бо шлях твой няправільны перад Мною;
- 33. і асьліца, убачыўшы Мяне, зьвярнула ад Мяне вось ужо тры разы; калі б яна не зьвярнула ад Мяне, дык Я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую.
- 34. І сказаў Валаам анёлу Гасподняму: зграшыў я, бо ня ведаў, што Ты стаіш насупраць мяне на дарозе; дык вось, калі гэта няпрыемна ў вачах Тваіх, дык я вярнуся.
- 35. І сказаў анёл Гасподні Валааму: ідзі зь людзьмі гэтымі, толькі кажы тое, што Я буду казаць табе. І пайшоў Валаам з князямі Валакавымі.
- 36. Валак, пачуўшы, што ідзе Валаам, выйшаў насустрач яму ў горад Маавіцкі, які на граніцы пры Арноне, што каля самай мяжы.
- 37. І сказаў Валак Валааму: ці не пасылаў я да цябе клікаць цябе? чаму ты ня ішоў да мяне? няўжо я і праўда не магу ўшанаваць цябе?
- 38. І сказаў Валаам Валаку: вось, я і прыйшоў да цябе, але ці магу я штосьці ад сябе сказаць? што ўкладзе Бог у вусны мае, тое і буду гаварыць.
- 39. І пайшоў Валаам з Валакам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.
- 40. І закалоў Валак валоў і авечак і паслаў да Валаама і князёў, якія былі зь ім.
- 41. На другі дзень раніцай Валак узяў Валаама і ўзьвёў яго на вышыні Ваалавыя, каб ён убачыў адтуль частку народу.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Лiкi > Глава 22