- 1. І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
- 2. адпомсьці Мадыяніцянам за сыноў Ізраілевых, і потым адыдзеш да народу твайго.
- 3. І сказаў Майсей народу, кажучы: узбройце спаміж сябе людзей на вайну, каб яны пайшлі супроць Мадыяніцянаў учыніць помсту Гасподнюю Мадыяніцянам;
- 4. па тысячы з племя, ад усіх плямёнаў Ізраілевых пашлеце на вайну.
- 5. І вылучана з тысячаў Ізраілевых, па тысячы з племя, дванаццаць тысяч узброеных на вайну.
- 6. І паслаў іх Майсей на вайну, па тысячы з племя, іх і Фінээса, сына Элеазара, сьвятара, на вайну, і ў руцэ ў яго сьвяшчэнны посуд і трубы на трывогу.
- 7. І пайшлі вайною на Мадыяма, як загадаў Гасподзь Майсею, і забілі ўсіх мужчынскага полу;
- 8. і разам з забітымі іхнімі забілі цароў Мадыямскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура і Рэву, пяць цароў Мадыямскіх, і Валаама, сына Вэоравага, забілі мечам;
- 9. а жанок Мадыямскіх і дзяцей іхніх сыны Ізраілевыя ўзялі ў палон, і ўсё быдла іхняе, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю ўзялі як здабычу,
- 10. і ўсе гарады іхнія ва ўладаньнях іхніх і ўсе селішчы іхнія спалілі агнём;
- 11. і ўзялі ўсё захопленае і ўсю здабычу, ад чалавека да быдла;
- 12. і даставілі палонных і здабычу і захопленае да Майсея і да Элеазара сьвятара і да супольства сыноў Ізраілевых, да табара, на раўніны Маавіцкія, што каля Ярдана, насупраць Ерыхона.
- 13. І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар і ўсе князі супольства насустрач ім з табара.
- 14. І ўгневаўся Майсей на ваеначальнікаў, тысячнікаў і сотнікаў, якія прыйшлі з вайны,
- 15. і сказаў ім Майсей: вы пакінулі жывымі ўсіх жанчын?
- 16. вось яны, з парады Валаамавай, былі сынам Ізраілевым прычынаю адступленьня ад Госпада дзеля дагоды Фэгору, за што і параза была ў супольстве Гасподнім;
- 17. дык вось, забеце ўсіх дзяцей мужчынскага полу, і ўсіх жанчын, якія спазналі мужа на мужавым ложку, забеце;
- 18. а ўсіх дзяцей жаночага полу, якія не спазналі мужавага ложка, пакіньце жывымі сабе;
- 19. і прабудзьце за табарам сем дзён; кожны, хто забіў чалавека і дакрануўся да мёртвага, ачысьціцеся на трэці дзень і на сёмы дзень, вы і палонныя вашыя;
- 20. і ўсё адзеньне, і ўсе скураныя рэчы, і ўсё зробленае з казінай воўны, і ўвесь драўляны посуд ачысьціце.
- 21. І сказаў Элеазар сьвятар воінам, якія хадзілі на вайну: вось пастанова закона, які наказаў Гасподзь Майсею:
- 22. золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і сьвінец,
- 23. і ўсё, што праходзіць праз агонь, правядзеце праз агонь, каб яно ачысьцілася, а акрамя таго і ачышчальнаю вадою трэба ачысьціць; а ўсё, што не праходзіць праз агонь, правядзеце праз ваду;
- 24. і вопратку вашу вымыйце на сёмы дзень, і ачысьціцеся, і пасьля таго ўваходзьце ў табар.
- 25. І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
- 26. палічы здабычу палону, ад чалавека да быдла, ты і Элеазар сьвятар і правадыры плямёнаў супольства;
- 27. і падзялі здабычу напалам паміж ваярамі, якія хадзілі на вайну, і супольствам;
- 28. і з ваяроў, якія хадзілі на вайну, вазьмі даніну Госпаду, па адной душы зь пяцісот, зь людзей і буйнога быдла, і з аслоў і з дробнага быдла;
- 29. вазьмі гэта з палавіны іхняй і аддай Элеазару сьвятару дзеля прынашэньня Госпаду;
- 30. і з палавіны сыноў Ізраілевых вазьмі па адной долі зь пяцідзесяці, зь людзей, з буйнога быдла, з аслоў і з дробнага быдла і аддай гэта лявітам, якія служаць пры скініі Гасподняй.
- 31. І зрабіў Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў Гасподзь Майсею.
- 32. І было здабычы, якая засталася ад захопленага, што захапілі тыя, якія былі на вайне: дробнага быдла шэсьцьсот семдзесят пяць тысяч,
- 33. буйнога быдла семдзесят дзьве тысячы,
- 34. аслоў шэсьцьдзясят адна тысяча,
- 35. людзей, жанчын, якія ня ведалі мужчынскага ложка, усіх душ трыццаць дзьве тысячы.
- 36. Палавіна, доля тых, што хадзілі на вайну, пасьля падліку была: дробнага быдла трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот,
- 37. і даніна Госпаду з дробнага быдла шэсьцьсот семдзесят пяць;
- 38. буйнога быдла трыццаць шэсьць тысяч, і даніна зь іх Госпаду семдзесят два;
- 39. аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, і даніна зь іх Госпаду шэсьцьдзясят адзін;
- 40. людзей шаснаццаць тысяч, і даніна зь іх Госпаду трыццаць дзьве душы.
- 41. І аддаў Майсей даніну, прынашэньне Госпаду, Элеазару сьвятару, як загадаў Гасподзь Майсею.
- 42. І з палавіны сыноў Ізраілевых, якую аддзяліў Майсей ад тых, што былі на вайне;
- 43. а палавінам на долю супольства была: дробнага быдла трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот,
- 44. буйнога быдла трыццаць шэсьць тысяч,
- 45. аслоў трыццаць тысяч пяцьсот,
- 46. людзей шаснаццаць тысяч.
- 47. З палавіны сыноў Ізраілевых узяў Майсей адну пяцідзясятую частку зь людзей і з быдла і аддаў гэта лявітам, якія выконваюць службу пры скініі Гасподняй, як загадаў Гасподзь Майсею.
- 48. І прыйшлі да Майсея правадыры над тысячамі войска, тысячнікі і сотнікі,
- 49. і сказалі Майсею: рабы твае палічылі воінаў, якія нам даручаны, і ня было ніводнага зь іх;
- 50. і вось, мы прынесьлі прынашэньне Госпаду, хто што дастаў з залатых рэчаў, ланцужкі, запясьці, пярсьцёнкі, завушніцы і падвескі, дзеля ачышчэньня душаў нашых перад Госпадам.
- 51. І ўзяў у іх Майсей і Элеазар сьвятар золата ва ўсіх гэтых вырабах;
- 52. і было ўсяго золата, якое прынесена ў прынашэньне Госпаду, шаснаццаць тысяч сямсот пяцьдзясят сікляў, ад тысячнікаў і сотнікаў.
- 53. Воіны рабавалі кожны сабе.
- 54. І ўзяў Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і прынесьлі яго ў скінію сходу, у памяць сыноў Ізраілевых перад Госпадам.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Лiкi > Глава 31