- 1. І сёмага месяца, у першы дзень месяца, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; хай будзе гэта ў вас дзень трубнага гуку;
- 2. і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы,
- 3. і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана,
- 4. і адну дзясятую долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,
- 5. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, дзеля ачышчэньня вас,
- 6. звыш цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго ў дзень маладзіка, і звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх, паводле ўстанаўленьня, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.
- 7. І на дзясяты дзень гэтага сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце тады душы вашыя і ніякай працы не рабеце;
- 8. і прыносьце цэласпаленьне Госпаду дзеля прыемнай духмянасьці: адно цяля, аднаго барана сем ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны ў вас;
- 9. і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана,
- 10. і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,
- 11. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш ахвяры за грэх, якая прыносіцца ў дзень ачышчэньня, і звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх.
- 12. І на пятнаццацты дзень сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце і сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён;
- 13. і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: трынаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны;
- 14. і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы нам кожнае з трынаццаці цялят, дзьве дзясятыя долі эфы на кожнага з двух бараноў,
- 15. і па дзясятай долі эфы на кожнае з чатырнаццаці ягнят,
- 16. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня яго.
- 17. І на другі дзень дванаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,
- 18. і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,
- 19. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня іх.
- 20. І на трэці дзень адзінаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят адналеткаў, без пахібы,
- 21. і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,
- 22. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.
- 23. І на чацьвёрты дзень дзесяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,
- 24. і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,
- 25. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.
- 26. і на пяты дзень дзевяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,
- 27. і зь імі прынашэньбне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,
- 28. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.
- 29. І на шосты дзень восем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,
- 30. і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,
- 31. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.
- 32. і на сёмы дзень сем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,
- 33. і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,
- 34. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.
- 35. На восьмы дзень хай будзе ў вас адданьне сьвята; ніякай працы не рабеце;
- 36. і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы,
- 37. і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цяляці, барана і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,
- 38. і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.
- 39. Прыносьце гэта Госпаду ў сьвяты вашыя, звыш таго, што вы прыносіце, паводле абяцаньня і па рупнасьці, цэласпаленьняў вашых і хлебных прынашэньняў вашых і паліваньняў вашых і мірных ахвяраў вашых.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Лiкi > Глава 29