- 1. Пасьля гэтага народ рушыў з Асірота і спыніўся ў пустыні Фаран.
- 2. І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
- 3. Пашлі ад сябе людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаанскую, якую Я дам сынам Ізраілевым; па адным чалавеку ад племені бацькоў іхніх пашлеце, галоўных зь іх.
- 4. І паслаў іх Майсей з пустыні Фаран, па загадзе Гасподнім, і ўсе яны мужы галоўныя ў сыноў Ізраілевых.
- 5. Вось імёны іхнія: з племені Рувімавага Самуа, сын Закхураў,
- 6. з племені Сымонавага Сафат, сын Харыеў,
- 7. з племені Юдавага Халеў, сын Ефаніін,
- 8. з племені Ісахаравага Ігал, сын Язэпаў,
- 9. з племені Яфрэмавага Асія, сын Наваў,
- 10. з племені Веньямінавага Фалтый, сын Рафуеў,
- 11. з племені Завулонавага Гадыіл, сын Садыеў,
- 12. з племені Язэпавага ад Манасіі Гадый, сын Сусіеў,
- 13. з племені Данавага Амііл, сын Гемаліеў,
- 14. з племені Асіравага Сэтур, сын Міхаілеў,
- 15. з племені Нэфталімавага Нахбій, сын Вофсіеў,
- 16. з племені Гадавага Геуіл, сын Махіеў.
- 17. Вось імёны мужоў, якіх пасылаў Майсей агледзець зямлю. І назваў Майсей Асію, сына Нававага, Ісусам.
- 18. І паслаў іх Майсей агледзець зямлю Ханаанскую і сказаў ім: ідзеце ў гэтую паўднёвую краіну, і падымецеся на гару,
- 19. і агледзьце зямлю, якая яна, і народ, які жыве на ёй, ці моцны ён, ці слабы, ці малы ён лікам, ці вялікі?
- 20. і якая зямля, на якой ён жыве, ці добрая яна, ці благая? і якія гарады, у якіх ён жыве? ці ў намётах ён жыве, ці ва ўмацаваньнях?
- 21. і якая зямля, ці тлустая яна, ці пустая? ці ёсьць на ёй дрэвы, ці няма? будзьце адважныя і вазьмеце ад пладоў зямлі. І было гэта ў пару пасьпяваньня вінаграду.
- 22. Яны пайшлі і агледзелі зямлю ад пустыні Сін нават да Рэхова, непадалёк ад Эмата;
- 23. і пайшлі ў паўднёвую краіну і дайшлі да Хэўрона, дзе жылі Ахіман, Сэсай і Талмай, дзеці Энакавы: а Хэўрон пабудаваны быў на сем гадоў раней за Цоан Егіпецкі;
- 24. і прыйшлі да даліны Эсхол, і зрэзалі там вінаградную галінку з адной гронкаю ягад, і панесьлі яе на жардзіне двое; узялі таксама гранатавых яблыкаў і смокваў;
- 25. мясьціну гэтую назвалі далінаю Эсхол, з прычыны вінаграднай гронкі, якую зрэзалі там сыны Ізраілевыя.
- 26. І агледзеўшы зямлю, вярнуліся яны праз сорак дзён.
- 27. І пайшлі і прыйшлі да Майсея і Аарона і ад усяго супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Фаран, у Кадэс, і прынесьлі ім і ўсяму супольству адказ, і паказалі ім плады зямлі;
- 28. і расказвалі яму і казалі: мы хадзілі ў зямлю, у якую ты пасылаў нас; у ёй сапраўды цячэ малако і мёд, і вось плады яе;
- 29. але народ, які жыве на зямлі той, моцны, і гарады ўмацаваныя, даволі вялікія, і сыноў Энакавых мы бачылі там.
- 30. Амалік жыве на паўднёвай частцы зямлі, Хэтэі, Евусэі і Амарэі жывуць на гары, Хананэі жывуць каля мора і на беразе Ярдана.
- 31. Але Халеў супакойваў народ перад Майсеем, кажучы: пойдзем і завалодаем ёю, бо мы можам адолець яе.
- 32. А тыя, якія хадзілі зь ім, казалі: ня можам мы ісьці супроць народу гэтага, бо ён мацнейшы за нас.
- 33. І распускалі благія чуткі пра зямлю, якую яны аглядалі, сярод сыноў Ізраілевых, кажучы: зямля, якую праходзілі мы для агляду, ёсьць зямля, якая паядае тых, што жывуць на ёй, і ўвесь народ, які мы бачылі сярод яе, людзі рослыя;
- 34. там бачылі мы і волатаў, сыноў Энакавых, ад валатоўскага роду; і мы былі ў вачах нашых перад імі, як саранча, такімі самымі былі мы і ў вачах іхніх.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Лiкi > Глава 13