- 1. І сказаў мне: "сыне чалавечы! зьеж, што перад табою, зьеж гэты сувой, і ідзі, гавары дому Ізраілеваму".
- 2. Тады я разамкнуў вусны свае, і Ён даў мне зьесьці гэты сувой;
- 3. і сказаў мне: "сыне чалавечы! накармі чэрава тваё і напоўні нутробу тваю гэтым сувоем, які Я даю табе"; і я зьеў, і было ў роце маім соладка, як мёд.
- 4. І Ён сказаў мне: "сыне чалавечы! устань і ідзі да дому Ізраілевага і кажы ім Маімі словамі;
- 5. бо не да народу са словамі неразборлівымі і зь незразумелаю моваю ты пасылаешся, а да дому Ізраілевага,
- 6. не да народаў многіх зь неразборлівым словам і зь незразумелаю моваю, слоў якое ты не разумеў бы; ды калі б Я паслаў цябе і да іх, дык яны паслухаліся б цябе;
- 7. а дом Ізраілеў не захоча слухаць цябе, бо яны ня хочуць слухаць Мяне, бо ўвесь дом Ізраілеў цьвердалобы і жорсткі сэрцам.
- 8. Вось, Я зрабіў і твой твар моцным супроць іхніх твараў і твой лоб моцным супроць іхняга лоба.
- 9. Як алмаз, які мацнейшы за камень, зрабіў я лоб твой; ня бойся іх і не палохайся перад абліччам іх, бо яны мяцежны дом".
- 10. І сказаў мне: "сыне чалавечы! усе словы Мае, якія буду казаць табе, прымі сэрцам тваім і выслухай вушамі тваімі;
- 11. устань і ідзі да пераселеных, да сыноў народу твайго, і гавары да іх, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог! будуць яны слухаць, альбо ня будуць".
- 12. І падняў мяне Дух; і я чуў за сабою вялікі грамовы голас: "дабраславёная слава Госпада ад месца свайго!"
- 13. і таксама шум крылаў жывёлаў, прылеглых адно да аднаго, і стук колаў каля іх і гук моцнага грому.
- 14. І Дух падняў мяне і ўзяў мяне. І ішоў я ў засмучэньні, з растрывожаным духам; і рука Гасподняя была моцная на мне.
- 15. І прыйшоў я да пераселеных у Тэль-Авіў, якія жывуць каля ракі Хавар, і спыніўся там, дзе яны жылі, і правёў сярод іх сем дзён у зьдзіўленьні.
- 16. А як прайшлі сем дзён, было мне слова Гасподняе:
- 17. "сыне чалавечы! Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраілевага, і ты будзеш слухаць слова з вуснаў Маіх і будзеш наводзіць іх на розум да Мяне.
- 18. Калі Я скажу беззаконцу: "сьмерцю памрэш!", а ты ня будзеш яго наводзіць на розум і казаць, каб асьцерагчы беззаконца ад беззаконнага шляху ягонага, каб ён быў жывы, дык беззаконец той памрэ ў беззаконьні сваім, і Я спаганю кроў ягоную з рук тваіх.
- 19. Але калі ты не наводзіў на розум беззаконца, а ён не адвярнуўся ад беззаконьня свайго і ад беззаконнага шляху свайго, дык ён памрэ ў беззаконьні сваім, а ты ўратаваў душу тваю.
- 20. І калі праведнік адступіцца ад справядлівасьці сваёй і ўчыніць крыўду, калі Я пакладу перад ім спатыкненьне, і ён памрэ, дык калі ты не наводзіў яго на розум, ён памрэ за грэх свой, і не згадаюцца яму справядлівыя ўчынкі ягоныя, якія рабіў ён; і Я зышчу кроў яго з рук тваіх.
- 21. Калі ж ты будзеш настаўляць на розум праведніка, каб праведнік не зграшыў, і ён ня згрэшыць; дык і ён жывы будзе, бо быў наведзены на розум, і ты ўратаваў душу тваю".
- 22. І была там на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: устань і выйдзі ў поле, і Я буду гаварыць там з табою.
- 23. І ўстаў я і выйшаў у поле; і вось, там стаяла слава Гасподняя, як слава, якую бачыў я над ракою Хавар; і ўпаў я на аблічча сваё.
- 24. І ўвайшоў у мяне Дух, і паставіў мяне на ногі мае, і Ён гаварыў са мною і сказаў мне: ідзі, і замкніся ў доме тваім.
- 25. І ты, сыне чалавечы, - вось, ускладуць на цябе аковы, і зьвяжуць цябе імі, і ня будзеш хадзіць сярод іх.
- 26. І язык твой Я прыляплю да гартані тваёй, і ты анямееш і ня будзеш выкрывальнікам іх, бо яны мяцежны дом.
- 27. А калі Я буду гаварыць з табою, тады разамкну вусны твае, і ты будзеш казаць ім: "так кажа Гасподзь Бог!" хто хоча слухаць, - слухай; а хто ня хоча слухаць, - ня слухай: бо яны мяцежны дом.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Eзэкiiль > Глава 3