- 1. І ты, сыне чалавечы, вымаві прароцтва на горы Ізраілевыя і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Гасподняе.
- 2. Так кажа Гасподзь Бог: як што вораг гаворыць пра вас: "ага! ага! і вечныя вышыні дасталіся нам на долю",
- 3. дык вымаві прароцтва і скажы, так кажа Гасподзь Бог: за тое, менавіта за тое, што спусташаюць вас і паглынаюць вас з усіх бакоў, каб вы зрабіліся здабыткам іншых народаў і былі зьліхаслоўлены і перасуджаны людзьмі,
- 4. за гэта, горы Ізраілевыя, выслухайце слова Госпада Бога: так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, лагчынам і далінам, і апусьцелым развалінам і пакінутым гарадам, якія зрабіліся здабычаю і паглумішчам іншым навакольным народам;
- 5. за гэта так кажа Гасподзь Бог: у агні клопату Майго Я вымавіў слова на іншыя народы і на ўсю Ідумэю, якія назначылі зямлю Маю на валоданьне сабе, з сардэчнай радасьцю і з пагардай у душы асуджаючы яе на здабычу сабе.
- 6. Таму вымаві прароцтва пра зямлю Ізраілевую і скажы горам і пагоркам, лагчынам і далінам: так кажа Гасподзь Бог: вось, Я вымавіў гэта ў клопаце Маім, бо вы несяце на сабе паглум ад народаў.
- 7. Таму так кажа Гасподзь Бог: Я падняў руку Маю з прысягаю, што народы, якія вакол вас, самі панясуць сорам свой.
- 8. А вы, горы Ізраілевыя, распусьцеце гольле ваша і будзеце радзіць плады вашыя народу Майму Ізраілю; бо яны скора прыйдуць.
- 9. Бо вось, Я да вас зьвярнуся, і вас будуць урабляць і засяваць.
- 10. І пасялю на вас мноства людзей, і ўвесь дом Ізраілеў, увесь, і заселеныя будуць гарады і забудаваныя разваліны.
- 11. І памножу на вас людзей і яны будуць пладзіцца і множыцца, і засялю вас, як было ў ранейшыя часы вашыя, і буду чыніць вам дабра болей, чым у ранейшыя часы вашыя, - і ўведаеце, што Я - Гасподзь.
- 12. І прывяду на вас людзей, народ Мой, Ізраіля, і яны будуць валодаць табою, зямля! і ты будзеш спадчынай іхняй і ня будзеш болей рабіць іх бязьдзетнымі.
- 13. Так кажа Гасподзь Бог: за тое, што кажуць пра вас: "ты - зямля, якая есьць людзей і робіць народ твой бязьдзетным,"
- 14. затое ўжо ня будзеш больш есьці людзей і народу твайго ня будзеш наперад рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
- 15. І больш ня будзеш чуць зьдзеку ад народаў, паглуму ад плямёнаў не панясеш ужо на сабе, і народу твайго больш ня будзеш рабіць бязьдзетным, кажа Гасподзь Бог.
- 16. І было мне слова Гасподняе:
- 17. сыне чалавечы! калі дом Ізраілеў жыў на зямлі сваёй, ён апаганьваў яе паводзінамі сваімі і ўчынкамі сваімі; шлях іх перад абліччам Маім быў як нячыстасьць жанчыны ў час ачышчэньня яе.
- 18. І Я выліў на іх гнеў Мой за кроў, якую яны пралівалі на гэтай зямлі, і за тое, што яны апаганьвалі яе ідаламі сваімі.
- 19. І Я расьсеяў іх па народах, і яны разьвеяны па землях; Я судзіў іх паводле шляхоў іхніх і паводле ўчынкаў іхніх.
- 20. І прыйшлі яны да народаў, куды пайшлі, і зьняславілі сьвятое імя Маё, бо пра іх кажуць: "яны - народ Госпада і выйшлі зь зямлі Ягонай";
- 21. І пашкадаваў Я сьвятое імя Маё, якое зьняславіў дом Ізраілеў у народаў, куды прыйшоў.
- 22. Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: ня вам Я зрабіў гэта, доме Ізраілеў, а дзеля сьвятога імя Майго, якое вы зьняславілі ў народаў, куды прыйшлі.
- 23. І асьвячу вялікае імя Маё, неславёнае ў народаў, сярод якіх вы зьняславілі яго, і ўведаюць народы, што Я - Гасподзь, кажа Гасподзь Бог, калі яўлю на вас сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі.
- 24. І вазьму вас з народаў і зьбяру вас з усіх краін і прывяду вас у зямлю вашу.
- 25. І акраплю вас чыстаю вадою, - і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас.
- 26. І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное.
- 27. Укладу ўсярэдзіну вас дух Мой і зраблю так, што вы хадзіцьмеце ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць.
- 28. І будзеце жыць на зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам.
- 29. І вызвалю вас ад усіх нечысьцяў вашых, і наклічу хлеб і памножу яго, і ня дам вам цярпець голад.
- 30. І памножу плады на дрэвах і ўтворы палёў, каб болей не цярпець вам паглуму ад народаў праз голад.
- 31. Тады згадаеце пра ліхія шляхі вашыя і благія ўчынкі вашыя і адчуеце агіду да саміх сябе за пахібнасьці вашыя і гнюсоты вашыя.
- 32. Ня дзеля вас Я зраблю гэта, кажа Гасподзь Бог, хай будзе вам вядома. Чырванейце і саромейцеся шляхоў вашых, доме Ізраілеў.
- 33. Так кажа Гасподзь Бог: у той дзень, калі ачышчу вас ад усіх пахібнасьцяў вашых і насялю гарады, адбудаваныя будуць разваліны,
- 34. і будзе ўрабляцца спустошаная зямля, якая была пустыняю ў вачах у кожнага, хто праходзіў міма,
- 35. тады скажуць: "гэтая апусьцелая зямля зрабілася як сад Эдэмскі і гэтыя разваленыя і апусьцелыя і спустошаныя гарады ўмацаваны і населены".
- 36. І ўведаюць народы, якія застануцца вакол вас, што Я Гасподзь зноў будую разбуранае, засаджваю апусьцелае. Я Гасподзь сказаў - і зрабіў.
- 37. Так кажа Гасподзь Бог: вось, яшчэ і ў тым яўлю міласьць Маю дому Ізраілеваму, памножу іх людзьмі, як статак.
- 38. Як многа бывае ахвярных авечак у Ерусаліме ў часы сьвятаў ягоных, так поўныя будуць людзьмі апусьцелыя гарады, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Eзэкiiль > Глава 36