- 1. А ты падымі плач па князях Ізраіля
- 2. і скажы: што за львіца маці твая? разьмясьцілася сярод ільвоў, сярод маладых ільвоў гадавала ільвянятаў сваіх.
- 3. І выгадавала адно ільвяня сваё; яно зрабілася маладым ільвом, і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей.
- 4. І пачулі пра яго народы; ён быў злоўлены ў яму іхнюю, і ў ланцугах завялі яго ў зямлю Егіпецкую.
- 5. І калі пачакаўшы яна ўбачыла, што надзея яе прапала, тады ўзяла другое сваё ільвяня і зрабіла яго маладым ільвом.
- 6. І, зрабіўшыся маладым ільвом, ён пачаў хадзіць сярод ільвоў і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей
- 7. і апаганьваў удоваў іхніх і гарады іхнія спусташаў; і апусьцела зямля і ўсе селішчы яе ад рыку ягонага.
- 8. Тады паўсталі на яго народы з навакольных мясьцінаў і раскінулі на яго сетку сваю; ён злоўлены быў у яму іхнюю.
- 9. І пасадзілі яго ў клетку на ланцуг і завялі яго да цара Вавілонскага; завялі яго ў крэпасьць, каб ня чуцён ужо быў голас ягоны на горах Ізраілевых.
- 10. Твая маці была - як вінаградная лаза, пасаджаная каля вады; пладавітая і галінастая была яна ад багацьця вады.
- 11. І былі ў яе галіны моцныя для скіпетраў валадароў, і высока падняўся камель яе сярод густых галін; і выдзялялася яна вышынёю сваёю з мноствам галінаў сваіх.
- 12. Але ў гневе вырвана, кінута на зямлю, і ўсходні вецер высушыў плод яе; адарваны і высахлі галіны яе, агонь зжэр іх.
- 13. А цяпер яна перасаджана ў пустыню, у зямлю сухую і сьмяглую.
- 14. І выйшаў агонь з камля галін яе, зжэр плады яе, і не засталося на ёй галін моцных для скіпетра валадара. Гэта - сьлёзная песьня, і застанецца для плачу.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Eзэкiiль > Глава 19