- 1. І было мне слова Гасподняе:
- 2. сыне чалавечы! вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: галасеце! о, ліхашчасны дзень!
- 3. Бо блізкі дзень, так! блізкі дзень Госпада, дзень змрочны; гадзіна народаў настае.
- 4. І пойдзе меч на Егіпет, і жудасьць пашырыцца па Эфіопіі, калі ў Егіпце будуць падаць пабітыя, калі возьмуць багацьце яго, і асновы яго будуць разбураны;
- 5. Эфіопія і Лівія і Лідыя і ўвесь зьмешаны народ і Хуб, і сыны зямлі запавету разам зь імі ўпадуць ад меча.
- 6. Так кажа Гасподзь: упадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе пыха магутнасьці яго; ад Мігдола да Сіены будуць падаць у ім ад меча, сказаў Гасподзь Бог.
- 7. І апусьцее ён сярод спустошаных земляў, і гарады яго будуць сярод спустошаных гарадоў.
- 8. І ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі пашлю агонь на Егіпет, і ўсе падпоры яго будуць скрышаны.
- 9. У той дзень пойдуць ад мяне вястуны на караблях, каб запалохаць бястурботных Эфіопаў, і распаўсюдзіцца ў ім жах, як у дзень Егіпта; бо вось, ён ідзе.
- 10. Так кажа Гасподзь Бог: пакладу канец шматлюдству Егіпта рукою Навухаданосара, цара Вавілонскага.
- 11. Ён і зь ім народ ягоны, самы люты з народаў, будуць прыведзены на пагібель гэтай зямлі, і аголяць мечы свае на Егіпет, і напоўняць зямлю пабітымі.
- 12. І рэкі зраблю сушаю і аддам зямлю ў рукі ліхім, і рукою іншаземцаў спустошу зямлю і ўсё, што запаўняе яе. Я Гасподзь сказаў гэта.
- 13. Так кажа Гасподзь Бог: вынішчу ідалаў і зьнішчу ілжэбагоў у Мэмфісе, і зь зямлі Егіпецкай ня будзе ўжо валадара, і навяду страх на зямлю Егіпецкую.
- 14. І спустошу Патрос і пашлю агонь на Цаан, і ўчыню суд над Но.
- 15. І вылью лютасьць Маю на Сін, крэпасьць Егіпта, і зьнішчу шматлюдства ў Но.
- 16. І пашлю агонь на Егіпет; затрымціць Сін, і Но рухне, і на Мэмфіс нападуць ворагі сярод дня.
- 17. Маладыя людзі Она і Бубаста ўпадуць ад меча, а астатнія пойдуць у палон.
- 18. І ў Тафнісе памеркне дзень, калі Я скрышу там ярмо Егіпта, і спыніцца ў ім ганарыстая магутнасьць яго. Хмара заслоніць яго, і дочкі яго пойдуць у палон.
- 19. Так учыню я суд над Егіптам, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
- 20. У адзінаццатым годзе, у першы месяц, на сёмы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:
- 21. сыне чалавечы! Я ўжо скрышыў мышцу фараону, цару Егіпецкаму; і вось, яна яшчэ не абвязана на гаеньне яе і не спавіта лекарскімі перавязкамі, ад якіх бы яна атрымала сілу трымаць меч.
- 22. Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я - на фараона, цара Егіпецкага, і скрышу мышцы яго, здаровую і паламаную, так што меч выпадзе з рукі ягонай.
- 23. І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях.
- 24. А мышцы цара Вавілонскага зраблю моцнымі, і дам яму меч Мой у руку, а мышцы фараона скрышу, і ён змушаны будзе моцна енчыць перад ім.
- 25. Умацую мышцы цара Вавілонскага, а мышцы ў фараона апусьцяцца; і ўведаюць, што Я - Гасподзь, калі меч Мой дам у руку цару Вавілонскаму, і ён працягне яго на зямлю Егіпецкую.
- 26. І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Eзэкiiль > Глава 30