- 1. Вось імёны плямёнаў. На паўночным краі дарогі ад Хэтлона, якая вядзе ў Эмат, Гацар-Энон, ад паўночнай мяжы Дамаска па дарозе да Эмата: усё гэта ад усходу да мора адзін надзел Дану.
- 2. Каля мяжы Дана, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Асіру.
- 3. Каля мяжы Асіра, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Нэфталіму.
- 4. Каля мяжы Нэфталіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Манасіі.
- 5. Каля мяжы Манасіі, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Яфрэму.
- 6. Каля мяжы Яфрэма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Рувіму.
- 7. Каля мяжы Рувіма, ад усходняга краю да заходняга, гэта адзін надзел Юду.
- 8. А каля мяжы Юды, ад усходняга краю да заходняга, сьвяшчэнная дзялянка, шырынёю ў дваццаць пяць тысяч трысьцін, а даўжынёю нароўні зь іншымі надзеламі, ад усходняга краю да заходняга; сярод яго будзе сьвяцілішча.
- 9. Дзялянка, якую вы прысьвеціце Госпаду, даўжынёю будзе ў дваццаць пяць тысяч, а шырынёю ў дзесяць тысяч трысьцін.
- 10. І гэтая сьвяшчэнная дзялянка павінна належаць сьвятарам, на поўнач дваццаць пяць тысяч і да мора ў шырыню дзесяць тысяч, і на ўсход у шырыню дзесяць тысяч, а на поўдзень у даўжыню дваццаць пяць тысяч трысьцін, і сярод яго будзе сьвяцілішча Гасподняе.
- 11. Гэта сьвяцілішча сьвятарам з сыноў Садока, якія стаялі на варце Маёй, якія падчас адступніцтва сыноў Ізраілевых не адступіліся ад Мяне, як адступіліся іншыя Лявіты.
- 12. Ім будзе належаць гэтая частка зямлі са сьвяшчэннай дзялянкі, сьвятыня са сьвятынь, каля мяжы Лявітаў.
- 13. І Лявіты атрымаюць таксама каля сьвятарскай мяжы дваццаць пяць тысяч у даўжыню і дзесяць тысяч трысьцін у шырыню; уся даўжыня дваццаць пяць тысяч, а шырыня дзесяць тысяч трысьцін.
- 14. І з гэтай часткі яны ня могуць ні прадаць, ні памяняць; і пачаткі зямлі ня могуць пераходзіць да іншых, бо гэта сьвятыня Гасподняя.
- 15. А астатнія пяць тысяч у шырыню з дваццацьцю пяцьцю тысячамі ў даўжыню назначаюцца гораду на агульны ўжытак, на засяленьне і на прадмесьці; горад будзе ўсярэдзіне.
- 16. І вось памеры яго: паўночны бок чатыры тысячы пяцьсот і паўднёвы бок чатыры тысячы пяцьсот, усходні бок чатыры тысячы пяцьсот і заходні бок чатыры тысячы пяцьсот трысьцін.
- 17. А прадмесьці горада на поўнач дзьвесьце пяцьдзясят, і на ўсход дзьвесьце пяцьдзясят, і на поўдзень дзьвесьце пяцьдзясят, і на захад дзьвесьце пяцьдзясят трысьцін.
- 18. А што застаецца з даўжыні супроць сьвяшчэннай дзялянкі - дзесяць тысяч на ўсход і дзесяць тысяч на захад насупраць сьвяшчэннай дзялянкі, творы з гэтай зямлі павінны быць для прадуктаў гарадскім работнікам.
- 19. Працаваць жа ў горадзе могуць работнікі з усіх каленаў Ізраілевых.
- 20. Уся аддзеленая дзялянка ў дваццаць пяць тысяч даўжыні і ў дваццаць пяць тысяч шырыні, чатырохкутная, выдзеліце пад сьвяшчэнны надзел, уключаючы валоданьні горада:
- 21. а астатняе князю. Як з боку сьвяшчэннай дзялянкі, так і з боку валоданьняў горада, насупраць дваццаці пяці тысяч трысьцін да ўсходняй мяжы дзялянкі, і на захад супраць дваццаці пяці тысяч каля заходняй мяжы суразьмерна з гэтымі надзеламі, надзел князю, так што сьвяшчэнная дзялянка і сьвяцілішча будзе ўсярэдзіне яго.
- 22. І тое, што ад валоданьняў Лявітаў і ад валоданьняў горада застаецца ў прамежку, належыць таксама князю; прамежак паміж граніцаю Юды і паміж граніцаю Веньяміна будзе належаць князю.
- 23. А астатняе ад плямёнаў, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Веньяміну.
- 24. Каля мяжы Веньяміна, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Сымону.
- 25. Каля мяжы Сымона, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Ісахару.
- 26. Каля мяжы Ісахара, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Завулону.
- 27. Каля мяжы Завулона, ад усходняга краю да заходняга - адзін надзел Гаду.
- 28. А каля мяжы Гада на паўднёвым баку ідзе паўднёвая мяжа ад Тамара да водаў міжрэчча каля Кадыса, уздоўж патоку да вялікага мора.
- 29. Вось зямля, якую вы па жэрабі падзялеце плямёнам Ізраілевым, і вось дзялянкі іх, кажа Гасподзь Бог.
- 30. І вось выхады горада: з паўночнага боку меры чатыры тысячы пяцьсот;
- 31. і брамы горада называюцца імёнамі плямёнаў Ізраілевых; на поўнач тры брамы: брама Рувімава адна, брама Юдава адна, брама Лявііна адна.
- 32. І з усходняга боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Язэпава адна, брама Веньямінава адна, брама Данава адна;
- 33. і з паўднёвага боку меры чатыры тысячы пяцьсот, і тры брамы: брама Сымонава адна, брама Ісахарава адна, брама Завулонава адна.
- 34. З марскога боку меры чатыры тысячы пяцьсот; брам тут таксама тры: брама Гадава адна, брама Асірава адна, брама Нэфталімава адна.
- 35. Усяго вакол васямнаццаць тысяч. А імя гораду з таго дня будзе: Гасподзь-там.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Eзэкiiль > Глава 48