Глава 26

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48
  • 1. У адзінаццатым годзе, у першы дзень першага месяца было мне слова Гасподняе:
  • 2. сыне чалавечы! за тое, што Тыр гаворыць пра Ерусалім: "ага! ага! ён скрышаны - брама народаў; ён зьвяртаецца да мяне; напоўнюся, ён спустошаны,"
  • 3. за тое, так кажа Гасподзь Бог: вось Я на цябе, Тыру, і падыму на цябе многія народы, як мора падымае хвалі свае.
  • 4. І разаб'юць муры Тыра і разбураць вежы ягоныя; і вымяту зь яго пыл яго і зраблю яго голаю скалою.
  • 5. Месцам на расьсціланьне сетак будзе ён сярод мора; бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог: і будзе ён на разрабаваньне народам.
  • 6. А дочкі ягоныя, якія на зямлі, забітыя будуць мечам, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.
  • 7. Бо так кажа Гасподзь Бог: вось, Я прывяду супроць Тыра з поўначы Навухаданосара, цара Вавілонскага, цара цароў, з конямі і з калясьніцамі, і зь вершнікамі, і з войскам і са шматлікім народам.
  • 8. Дочак тваіх на зямлі ён заб'е мечам і збудуе супроць цябе абложныя вежы, і насыпле супроць цябе вал і паставіць супроць цябе шчыты;
  • 9. і да сьценаў тваіх пасуне сьценабітныя машыны і вежы твае разбурыць сякерамі сваімі.
  • 10. Ад мноства коней яго накрые цябе пыл, ад шуму верхаўцоў і колаў і калясьніц затрасуцца сьцены твае, калі ён будзе ўваходзіць у браму тваю, як уваходзяць у разьбіты горад.
  • 11. Капытамі коней сваіх ён патопча ўсе вуліцы твае, народ твой паб'е мечам і помнікі магутнасьці тваёй скіне на зямлю.
  • 12. І зрабуюць багацьце тваё і расхапаюць тавары твае, і разбураць муры твае і разаб'юць прыгожыя дамы твае і камяні твае і дрэвы твае, і зямлю тваю кінуць у ваду.
  • 13. І спыню гучаньне песьняў тваіх, і гук цытраў тваіх больш ня будзе чуцен.
  • 14. І зраблю цябе голаю скалою, будзеш месцам для расьсьціланьня сетак: ня будзеш зноў пабудаваны, бо Я Гасподзь сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
  • 15. Так кажа Гасподзь Бог Тыру: ад шуму падзеньня твайго, ад стогну параненых, калі будзе пабоішча сярод цябе, ці ж не задрыжаць выспы?
  • 16. І сыдуць усе князі мора з прастолаў сваіх і скінуць зь сябе мантыі свае, і здымуць зь сябе ўзорыстую вопратку сваю, апрануцца ў трымценьне, сядуць на зямлю, і кожную хвіліну будуць дрыжаць і зьдзіўляцца зь цябе.
  • 17. І падымуць плач па табе і скажуць табе: "як загінуў ты, населены мараходамі, горад славуты, які быў моцны на моры, сам і жыхары ягоныя, што наводзілі страх на ўсіх насельнікаў яго!
  • 18. Сёньня, у дзень падзеньня твайго, задрыжалі выспы; выспы на моры жахнуліся ад пагібелі тваёй.
  • 19. Бо так кажа Гасподзь Бог: калі Я зраблю цябе горадам апусьцелым, падобным на гарады незаселеныя, калі падыму на цябе багну, і накрыюць цябе вялікія воды;
  • 20. тады зьвяду цябе з тымі, што ідуць у магілу да народу даўно былога і зьмяшчу цябе ў самым сподзе зямлі, у пустынях вечных, з тымі, што адышлі ў магілу, каб ты больш ня быў заселены; і яўлю табе славу на зямлі жывых.
  • 21. Жудасьцю зраблю цябе, і ня будзе цябе, і будуць шукаць цябе, але ўжо ня знойдуць цябе вавекі, кажа Гасподзь Бог.