- 1. Калі будзеце па жэрабі дзяліць зямлю на дзялянкі, тады аддзялеце сьвяшчэнны пляц Госпаду ў дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні; хай будзе сьвятое месца ва ўсёй поўніцы сваёй, навакол.
- 2. Ад яго да сьвяцілішча адыдзе чатырохкутнік па пяцьсот трысьцін вакол, і вакол яго пляц у пяцьдзясят локцяў.
- 3. З гэтай меры адмер дваццаць пяць тысяч трысьцін у даўжыню і дзесяць тысяч у шырыню, дзе будзе сьвяцілішча, Сьвятое Сьвятых.
- 4. Гэта сьвяшчэнная частка зямлі належыць будзе сьвятарам, службітам сьвяцілішча, якія прыступаюць да служэньня Госпаду: гэта будзе ім месцам для дамоў і сьвятыняю для сьвяцілішча.
- 5. Дваццаць пяць тысяч трысьцін даўжыні і дзесяць тысяч шырыні будуць належаць Лявітам, службітам храма, як іх валоданьне для пражытку іхняга.
- 6. І на валоданьне гораду дайце пяць тысяч шырыні і дваццаць пяць тысяч даўжыні, насупраць сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду; гэта належыць павінна ўсяму дому Гасподняму.
- 7. І князю дайце долю па той і другі бок, як каля сьвяшчэннага месца, выдзеленага Госпаду, так і каля гарадскога валоданьня, на захад з заходняга боку і на ўсход з усходняга боку, даўжынёю нароўні з адным з гэтых надзелаў ад заходняй мяжы да ўсходняй.
- 8. Гэта ягоная зямля, яго валоданьне ў Ізраілі, каб князі Мае наперад ня ўціскалі народу Майго, і каб далі зямлю дому Ізраілеваму паводле плямёнаў яго.
- 9. Так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, князі Ізраілевыя! адкладзеце крыўды і ўціскі і чынеце справядлівасьць і праўду, перастаньце выцясьняць народ Мой з валоданьняў ягоных, кажа Гасподзь Бог.
- 10. Хай будуць у вас правільныя вагі і правільная эфа і правільны бат.
- 11. Эфа і бат павінны быць аднолькавай меры, так каб бат умяшчаў у сябе дзясятую частку хомэра і эфа дзясятую частку хомэра; мера іх павінна вызначацца па хомэры.
- 12. У сіклі дваццаць гераў; а дваццаць сікляў, дваццаць пяць сікляў і пятнаццаць сікляў складаць будуць у вас міну.
- 13. Вось даніна, якую вы павінны даваць князю: шостую частку эфы ад хомэра пшаніцы і шостую частку эфы ад хомэра ячменю;
- 14. пастанова пра алей: ад кора алею дзясятую частку бата: дзесяць батаў складаюць хомэр, бо ў хомэры дзесяць батаў;
- 15. адну авечку ад статку ў дзьвесьце авечак з тлустай пашы Ізраіля: усё гэта дзеля хлебнага прынашэньня і падзякавальнай ахвяры, на ачышчэньне іх, кажа Гасподзь Бог.
- 16. Увесь народ зямлі абавязваецца рабіць гэтае прынашэньне князю ў Ізраіле.
- 17. А ў абавязках князя будуць ляжаць цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне, і выліваньне на сьвяты і на маладзіка і ў суботы, падчас усіх урачыстасьцяў дома Ізраілевага; ён павінен будзе прыносіць ахвяру за грэх і хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне і ахвяру падзякавальную, на ачышчэньне дому Ізраілевага.
- 18. Так кажа Гасподзь Бог: у першым месяцы, у першы дзень месяца вазьмі са статку валоў цялушку без заганы і ачысьці сьвяцілішча.
- 19. Сьвятар няхай возьме крыві ад гэтай ахвяры за грахі і пакропіць ёю на вяроўкі храма і на чатыры куты пляцоўкі каля ахвярніка, і на вяроўкі брамы ўнутранага двара.
- 20. Тое самае зрабі і ў сёмы дзень месяца за тых, што грэшаць наўмысна і з прастадушнасьці, і так ачышчайце храм.
- 21. У першым месяцы, у чатырнаццаты дзень месяца павінна быць у вас Пасха, сьвята сямідзённае, калі павіны быць праснакі.
- 22. У гэты дзень князь за сябе і за ўвесь народ зямлі прынясе цяля ў ахвяру за грэх.
- 23. У гэтыя сем дзён сьвята ён павінен прыносіць на цэласпаленьне Госпаду кожны дзень па сем цялят і па сем бараноў без заганы і ў ахвяру за грэх кожны дзень па казлу з казінага статку.
- 24. Хлебнага прынашэньня ён павінен прыносіць па эфе на цяля і па эфе на барана, і па гіне алею на эфу.
- 25. У сёмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, у сьвята, на працягу сямі дзён ён павінен прыносіць тое самае: такую самую ахвяру за грэх, такое самае цэласпаленьне, і столькі сама хлебнага прынашэньня і столькі сама алею.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Eзэкiiль > Глава 45