- 1. У тыя дні выйшаў ад кесара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
- 2. Гэты перапіс быў першы ў праўленьне Квірынія Сірыяй. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.
- 3. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давідаў, называны Віфляемам, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
- 5. запісацца з Марыяю, заручанаю яму жонкай, якая была цяжарная.
- 6. Калі ж былі яны там, настаў час радзіць Ёй;
- 7. і нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі, бо ня было ім месца ў гасьцініцы.
- 8. У той краіне былі на полі пастухі, якія трымалі начную варту каля статку свайго.
- 9. Раптам зьявіўся ім анёл Гасподні, і слава Гасподняя апраменіла іх; і спалохаліся страхам вялікім.
- 10. І сказаў ім анёл: ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям:
- 11. бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь;
- 12. і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.
- 13. І раптоўна зьявілася з анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы:
- 14. слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.
- 15. Калі анёлы адыйшлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь.
- 16. І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях.
- 17. А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае.
- 18. І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі.
- 19. А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім.
- 20. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.
- 21. Як прайшло восем дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі яму імя Ісус, названае анёлам раней зачацьця Ягонага ва ўлоньні.
- 22. А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду,
- 23. як прадпісана ў законе Гасподнім, каб усякае дзіцятка мужчынскага полу, якое размыкае ўлоньне, было прысьвечана Госпаду;
- 24. і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.
- 25. Тады быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага; і Дух Сьвяты быў на ім.
- 26. Яму было прадказана Духам Сьвятым, што ён ня ўбачыць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Хрыста Гасподняга.
- 27. І прыйшоў ён па натхненьні ў храм. І калі бацькі прынесьлі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць над Ім законны абрад,
- 28. ён узяў Яго на рукі, праславіў Бога і сказаў:
- 29. сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам;
- 30. бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё,
- 31. якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
- 32. сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.
- 33. А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго.
- 34. І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, -
- 35. і Табе Самой зброя пратне душу, - каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.
- 36. І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў,
- 37. удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч.
- 38. І яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме.
- 39. І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
- 40. А Дзіця расло і мацавалася духам, напаўняючыся мудрасьцю; і мілата Божая была на Ім.
- 41. Кожны год бацькі Ягоныя хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі.
- 42. І калі Яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны таксама як звычайна ў Ерусалім на сьвята;
- 43. калі ж, пасьля заканчэньня дзён сьвята, вярталіся, застаўся Хлопчык Ісус у Ерусаліме; і не заўважылі таго Язэп і Маці Ягоная;
- 44. але думалі, што Ён ідзе зь іншымі; прайшоўшы ж дзённы шлях, пачалі шукаць Яго сярод родзічаў і знаёмых;
- 45. і не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго.
- 46. Праз тры дні знайшлі яго ў храме, сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і распытваў іх;
- 47. усе, хто слухаў Яго, зьдзіўляліся з розуму і адказаў Ягоных.
- 48. І ўбачыўшы Яго, зьдзівіліся; і Маці ягоная сказала Яму: Дзіця! што Ты зрабіў з намі? вось, бацька Твой і Я зь вялікаю скрухаю шукалі Цябе.
- 49. Ён сказаў ім: навошта было вам шукаць Мяне? ці вы ня ведалі, што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
- 50. Але яны не зразумелі сказаных Ім словаў.
- 51. І Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт; і быў у паслушэнстве ім. І Маці Ягоная захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
- 52. А Ісус мацаваўся ў мудрасьці і росьце і ў любові ў Бога і людзей.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Лукаша > Глава 2