- 1. І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку;
- 2. убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты,
- 3. і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала;
- 4. бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела.
- 5. І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
- 6. прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана.
- 7. І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна?
- 8. Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі.
- 9. А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец.
- 10. Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;
- 11. будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азанакі зь неба.
- 12. Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,
- 13. а будзе гэта вам на сьведчаньне.
- 14. Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;
- 15. бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.
- 16. Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб'юць;
- 17. і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
- 18. але і волас з галавы вашай не прападзе.
- 19. Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.
- 20. Калі ж убачыце Ерусалім, абложаны войскам, тады ведайце, што наблізіўся заняпад яго:
- 21. тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; і хто ў горадзе, выходзь зь яго; і хто ў навакольлі, не ўваходзь у яго,
- 22. бо гэта дні помсты, хай збудзецца ўсё напісанае.
- 23. Ды гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая будзе нягода на зямлі і гнеў на народ гэты:
- 24. і палягуць ад вострага меча, і павядуцца ў палон ва ўсе народы; і Ерусалім будзе таптаны язычнікамі, дакуль ня скончацца часы язычнікаў.
- 25. І будуць азнакі ў сонцы і ў месяцы і ў зорках, а на зямлі заняпад духу народаў і недаўмёнасьць; і мора зашуміць і забушуе;
- 26. людзі будуць здыхаць ад страху і чаканьня нягодаў, што пойдуць на сьвет, бо сілы нябесныя пахіснуцца.
- 27. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле і славе вялікай.
- 28. А калі пачне гэта збывацца, тады схілцеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае.
- 29. І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:
- 30. калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.
- 31. Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.
- 32. Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як ўсё тое будзе:
- 33. неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.
- 34. Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п'янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку:
- 35. бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улоньні зямным;
- 36. дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым.
- 37. Удзень Ён вучыў у храме; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай.
- 38. І ўвесь люд з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Лукаша > Глава 21