- 1. Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спадчатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.
- 2. Няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, чаго ня ўведалі б.
- 3. Таму, што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на сьвятле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў.
- 4. Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць;
- 5. а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся.
- 6. Ці ж ня пяць маленькіх птушак прадаюцца за два асарыі? і ніводная зь іх не забытая ў Бога.
- 7. А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык вось, ня бойцеся: вы даражэйшыя за многіх маленькіх птушак.
- 8. Маўляю ж вам: кожнага, хто вызна Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад анёламі Божымі;
- 9. а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, той зрачоны будзе перад анёламі Божымі.
- 10. І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто скажа блюзьнерства на Духа Сьвятога, таму не даруецца.
- 11. А як прывядуць вас у сынагогі, да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, альбо што казаць;
- 12. бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую самую хвіліну, што трэба казаць.
- 13. Нехта зь людзей сказаў Яму: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну,
- 14. А Ён сказаў чалавеку таму: хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас?
- 15. Пры гэтым сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся любазьдзірства, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў яго маёмасьці.
- 16. І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле;
- 17. і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае.
- 18. І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
- 19. І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакайся, еж, пі, весяліся.
- 20. Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў?
- 21. Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее.
- 22. І сказаў вучням Сваім: таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці, ні для цела, у што апрануцца:
- 23. душа большая за ежу, і цела - за вопратку.
- 24. Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак?
- 25. Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
- 26. Дык вось, калі і найменшага зрабіць ня можаце, чаго ж турбуецеся за астатняе?
- 27. Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх.
- 28. А калі траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык наколькі ж болей вас, малаверы.
- 29. Дык вось, ня шукайце, што вам есьці, альбо што піць, і ня турбуйцеся,
- 30. бо ўсяго гэтага шукаюць людзі сьвету гэтага; а ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;
- 31. а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.
- 32. Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.
- 33. Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:
- 34. бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.
- 35. Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;
- 36. і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
- 37. Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.
- 38. І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.
- 39. Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:
- 40. будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
- 41. Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім?
- 42. Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?
- 43. Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так:
- 44. праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.
- 45. А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: "ня скора прыйдзе гаспадар мой", і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца,
- 46. дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі.
- 47. А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна;
- 48. а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.
- 49. Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
- 50. Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!
- 51. Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;
- 52. бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;
- 53. бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.
- 54. Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;
- 55. і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.
- 56. Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?
- 57. Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?
- 58. Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу.
- 59. маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Лукаша > Глава 12