Глава 23

  • 1. І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
  • 2. І пачалі вінаваціць Яго, кажучы: мы знайшлі, што Ён разбэшчвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом.
  • 3. Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
  • 4. Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
  • 5. Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны.
  • 6. Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін?
  • 7. І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме.
  • 8. Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд,
  • 9. і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму.
  • 10. А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго.
  • 11. Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата.
  • 12. І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным.
  • 13. А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей,
  • 14. сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы Яго вінаваціце;
  • 15. і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці;
  • 16. дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
  • 17. А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня.
  • 18. Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву.
  • 19. Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства.
  • 20. Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса.
  • 21. Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго!
  • 22. Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
  • 23. Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў.
  • 24. І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы,
  • 25. і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю.
  • 26. І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
  • 27. І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
  • 28. А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых;
  • 29. бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!
  • 30. Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас!
  • 31. бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе?
  • 32. Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў.
  • 33. І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку.
  • 34. А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя.
  • 35. І стаялі людзі і глядзелі. А насьміхаліся разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў, хай уратуе Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы.
  • 36. Таксама і воі глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат
  • 37. і кажучы: калі Ты Цар Юдэйскі, уратуй Сябе Самога.
  • 38. І быў над Ім надпіс, напісаны словамі грэцкімі, рымскімі і гэбрэйскімі: Гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
  • 39. Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас.
  • 40. А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае?
  • 41. і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў.
  • 42. І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
  • 43. І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі.
  • 44. Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай:
  • 45. і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася пасярэдзіне.
  • 46. Ісус, усклікнуўшы вялікім голасам, сказаў: Войча! у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, выпусьціў дух.
  • 47. А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік.
  • 48. І ўвесь люд, што сыйшоўся на гэта відовішча, бачачы, што адбывалася, вяртаўся, б'ючы сябе ў грудзі.
  • 49. А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.
  • 50. Тады нехта, на імя Язэп, сябра рады, чалавек добры і праўдзівы,
  • 51. які ня браў удзелу ў радзе і ў справе іхняй, з Арыматэі, горада Юдэйскага, які таксама чакаў Царства Божага,
  • 52. прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага;
  • 53. і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў яго ў магіле, высечанай у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены.
  • 54. Дзень той быў пятніца, і настала субота.
  • 55. Пасьледавалі таксама і жанчыны, якія прыйшлі зь Ісусам з Галілеі, і глядзелі магілу, і як ускладалася Цела Ягонае;
  • 56. а вярнуўшыся, прыгатавалі пахошчы і масьці; і ў суботу засталіся ў спакоі паводле запаведзі.