- 1. А ў пятнаццаты год праўленьня Тыверыя кесара, калі Понцій Пілат начальнічаў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Піліп, брат ягоны, - тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай вобласьці, а Лісаній - тэтрархам у Авілінеі,
- 2. пры першасьвятарах Ганьне і Каяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захара, у пустыні.
- 3. І ён пайшоў па ўсіх навакольлях Ярдана, прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў,
- 4. як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: "голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму;
- 5. кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай абнізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
- 6. і ўбачыць кожная плоць ратунак Божы".
- 7. Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу?
- 8. прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Абрагам"; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
- 9. ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
- 10. І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць?
- 11. Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае.
- 12. Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: Настаўнік! што нам рабіць?
- 13. Ён адказваў ім: нічога не патрабуйце больш вызначанага вам.
- 14. Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай.
- 15. А калі люд быў у чаканьні, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня Хрыстос ён, -
- 16. Ян усім адказваў: я хрышчу вас вадою, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты разьвязаць рэмень на абутку; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
- 17. гарфа Ягоная ў руцэ Ягонай, і ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў засекі Свае, а салому спаліць вагнём непагасным.
- 18. Шмат чаго іншага зьвеставаў ён народу, павучаючы яго.
- 19. А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога,
- 20. дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу.
- 21. А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, - адчынілася неба,
- 22. і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!
- 23. Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліеў,
- 24. Мататаў, Левіінаў, Мэлхіеў, Янаеў, Язэпаў,
- 25. Мататыеў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагееў.
- 26. Маатаў, Мататыеў, Сэмяіеў, Язэпаў, Юдаў,
- 27. Ёананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салатыілеў, Нірыеў,
- 28. Мэлхіеў, Аддзіеў, Касамаў, ілмадамаў, Іраў,
- 29. Ёсіеў, іліезэраў, Ёрымаў, Мататаў, Лявіінаў,
- 30. Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Ёнанаў, іліякімаў,
- 31. Мэлеаеў, Маінанаў, Мататаеў, Натанаў, Давідаў,
- 32. Ясэеў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў,
- 33. Амінадаваў, Арамаў, ісромаў, Фарэсаў, Юдаў,
- 34. Якаваў, Ісакаў, Абрагамаў, Тараў, Нахораў,
- 35. Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, івераў, Салаў,
- 36. Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламэхаў,
- 37. Матусалаў, інохаў, Ярэдаў, Малелеілаў, Каінанаў,
- 38. іносаў, Сітаў, Адамаў, Божы.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Лукаша > Глава 3