- 1. Набліжалася сьвята праснакоў, якое называлася Пасхаю;
- 2. і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
- 3. І ўвайшоў сатана ў Юду, празванага Іскарыётам, аднаго зь ліку дванаццацёх,
- 4. і ён пайшоў і гутарыў зь першасьятарамі і начальнікамі, як Яго выдаць ім.
- 5. Яны ўзрадаваліся і згадзіліся даць яму грошай;
- 6. і ён абяцаўся, і шукаў зручнага часу, каб выдаць Яго ім ня прылюдна.
- 7. І настаў дзень праснакоў, у які трэба было закалоць пасхальнае ягня;
- 8. і паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: ідзеце, прыгатуйце нам есьці пасху.
- 9. А яны сказалі Яму: дзе скажаш нам прыгатаваць?
- 10. Ён сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца з вамі чалавек, які нясьціме збанок вады; ідзеце сьледам за ім у дом, у які ўвойдзе ён.
- 11. і скажэце гаспадару дома: Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?
- 12. І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую засланую; там прыгатуйце.
- 13. Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
- 14. І калі настала гадзіна, Ён узьлёг, і дванаццаць апосталаў зь Ім,
- 15. і сказаў ім: вельмі хацеў Я есьці з вамі гэтую пасху раней Маіх пакутаў,
- 16. бо кажу вам, што ўжо ня буду есьці яе, пакуль яна ня ўчыніцца ў Царстве Божым.
- 17. І ўзяўшы чару і падзякаваўшы, сказаў: прымеце яе і падзялеце паміж сабою;
- 18. бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
- 19. І ўзяўшы хлеб і падзякаваўшы, пераламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца; гэта выконвайце на ўспамін пра Мяне.
- 20. Таксама і чару пасьля вячэры, кажучы: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца;
- 21. і вось, рука прадажніка Майго са Мною за сталом;
- 22. у астатнім, Сын Чалавечы ідзе, як прадвызначана; але гора таму чалавеку, якім Ён выдаецца.
- 23. І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто б зь іх быў той, які гэта зробіць.
- 24. А была і спрэчка паміж імі, хто зь іх павінен уважацца за большага.
- 25. Ён жа сказаў ім: цары валадараць над народамі і ўлады іхнія дабрадзеямі называюцца;
- 26. а вы ня так: але хто з вас большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга.
- 27. Бо хто большы: той, хто ўзьлягае, ці хто слуга? Ці ня той, хто ўзьлягае? А Я сярод вас, як слуга.
- 28. Але вы трывалі са Мною ў гаротах Маіх,
- 29. і Я запавядаю вам, як запавядаў Мне Айцец Мой, Царства,
- 30. каб елі і пілі на бяседзе Маёй у Царстве Маім, і каб селі на пасадах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых.
- 31. І сказаў Гасподзь: Сымоне! Сымоне! вось, сатана прасіў, каб сеяць вас як пшаніцу;
- 32. але Я маліўся за цябе, каб не зьмізарнела вера твая; і ты некалісь, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
- 33. Ён адказваў: Госпадзе! з Табою я гатовы і ў цямніцу і на сьмерць ісьці.
- 34. Але Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не засьпявае певень сёньня, як ты тройчы зрачэшся, што ня ведаеш Мяне.
- 35. І сказаў ім: калі я пасылаў вас безь мяшка і бяз торбы і без абутку, ці мелі вы ў чым нястачу? Яны адказвалі: ні ў чым.
- 36. Тады Ён сказаў ім: але цяпер, хто мае мяшок, той вазьмі яго, таксама і торбу; а ў каго няма, прадай вопратку сваю і купі меч;
- 37. бо маўляю вам, што мусіць збыцца на Мне і гэтае напісанае: "і да зладзеяў залічаны". Бо тое, што пра Мяне, канчаецца.
- 38. Яны сказалі: Госпадзе! вось, тут два мечы. Ён сказаў ім: досыць.
- 39. І выйшаўшы пайшоў як звычайна на гару Аліўную; за Ім сьледам пайшлі і вучні Ягоныя.
- 40. А прыйшоўшы на месца, сказаў ім: малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
- 41. І Сам адышоў ад іх - як кінуць каменем, і, схіліўшы калені, маліўся,
- 42. кажучы: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
- 43. І зьявіўся Яму анёл зь нябёсаў і мацаваў Яго.
- 44. І ў змаганьні ўнутраным руплівей маліўся; і быў пот Ягоны, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
- 45. Устаўшы з малітвы, Ён прыйшоў да вучняў, і застаў іх у сьне ад смутку,
- 46. і сказаў ім: што вы сьпіце? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
- 47. Калі Ён яшчэ казаў гэта, паявіліся людзі, а наперадзе іх ішоў адзін з дванаццацёх, называны Юда, і ён падышоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго. Бо ён такі даў ім знак: каго я пацалую, Той і ёсьць.
- 48. А Ісус сказаў яму: Юда ці цалаваньнем выдаеш Сына Чалавечага?
- 49. Тыя, што былі зь Ім, бачачы, да чаго ўсё ідзе, сказалі Яму: Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам?
- 50. І адзін зь іх ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму правае вуха.
- 51. Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, загоіў яго.
- 52. А першасьвятарам і начальнікам храма і старэйшынам, якія сабраліся супроць Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне!
- 53. Кожны дзень бываў Я з вамі ў храме, і вы не падымалі на Мяне рук, а цяпер - ваш час і ўлада цемры.
- 54. Узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасьвятара. А Пётр ішоў сьледам зводдаль.
- 55. Калі яны расклалі агонь сярод двара і селі разам, сеў і Пётр паміж імі.
- 56. Адна служанка, убачыўшы яго каля агню і ўгледзеўшыся ў яго, сказала: гэты быў зь Ім.
- 57. Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы жанчыне: я ня ведаю Яго.
- 58. Неўзабаве потым другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты зь іх. Але Пётр сказаў гэтаму чалавеку: не.
- 59. Прайшло з гадзіну часу, яшчэ нехта настойліва казаў: сапраўды, і гэты быў зь Ім, бо ён Галілеянін.
- 60. Але Пётр сказаў таму чалавеку: ня ведаю, што ты кажаш. І адразу, калі яшчэ гаварыў ён, засьпяваў певень.
- 61. Тады Гасподзь, абярнуўшыся, паглядзеў на Пятра; і Пётр згадаў слова Госпада, як Ён сказаў яму: перш чым засьпявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
- 62. І выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
- 63. Людзі, якія трымалі Ісуса, зьдзекі чынілі зь Яго і білі Яго;
- 64. і накрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго: скажы, хто выцяў Цябе?
- 65. І шмат іншай кляцьбы вымаўлялі супраць Яго.
- 66. І як настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасьвятары і кніжнікі, і ўвялі Яго ў свой сынедрыён,
- 67. і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паверыце;
- 68. калі ж і спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне і не адпусьціце Мяне;
- 69. ад сёньня Сын Чалавечы сядзе праваруч сілы Божай.
- 70. І сказалі ўсе: дык Ты Сын Божы? Ён адказваў ім: вы кажаце, што Я.
- 71. А яны сказалі: якое яшчэ трэба нам сьведчаньне? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных!
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Лукаша > Глава 22