- 1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, нясучы прыгатаваныя пахошчы, прыйшлі яны да магілы, і разам зь імі некаторыя іншыя;
- 2. але знайшлі камень адвалены ад магілы,
- 3. і ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса.
- 4. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых.
- 5. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, - сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
- 6. Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
- 7. кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
- 8. І ўзгадалі яны словы Ягоныя
- 9. і, вярнуўшыся ад магілы, абвясьцілі ўсё гэта адзінаццацём і ўсім астатнім.
- 10. То была Магдаліна Марыя, і Яна, і Марыя, маці Якава, і іншыя зь імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
- 11. І здаліся ім словы іхнія пустымі, і не паверылі ім.
- 12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахіліўшыся, убачыў толькі, што ляжаць палатніны, і пайшоў назад, сам сабе дзівуючы з таго, што сталася.
- 13. У той самы дзень двое зь іх ішлі ў селішча, што адлягала стадый на шэсьцьдзясят ад Ерусаліма, называнае імаус.
- 14. і размаўлялі паміж сабою пра ўсе гэтыя падзеі.
- 15. І калі яны размаўлялі і разважалі паміж сабою, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў зь імі;
- 16. але вочы ў іх былі заслоненыя, так што яны не пазналі Яго.
- 17. І Ён сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы, разважаеце паміж сабою, і чаго вы засмучаныя?
- 18. Адзін зь іх, на імя Клеопа, сказаў Яму ў адказ: няўжо ты адзін з тых, што прыйшлі ў Ерусалім, ня ведаеш, што адбылося ў ім гэтымі днямі?
- 19. І сказаў ім: штоо Яны сказалі Яму: што было зь Ісусам Назаранінам, Які быў прарок, моцны ў дзеі і ў слове перад Богам і ўсім народам;
- 20. як выдалі яго першасьвятары і начальнікі нашыя на засуджэньне на сьмерць і ўкрыжавалі Яго;
- 21. а мы спадзяваліся былі, што Ён ёсьць Той, Хто павінен уратаваць Ізраіля; але разам з усім тым, ужо трэйці дзень сёньня, як гэта сталася;
- 22. але і некаторыя жанчыны з нашых падзівілі нас: яны былі раніцай каля магілы
- 23. і не знайшлі Цела Ягонага, і прыйшоўшы, маўлялі, што бачылі зьяўленьне анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы;
- 24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і засталі ўсё так, як і жанчыны казалі; але Яго ня бачылі.
- 25. Тады Ён сказаў ім: о, няцямныя і марудныя сэрцам, каб верыць ва ўсё, што прадказвалі прарокі!
- 26. Ці ж ня так і належала пацярпець Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?
- 27. І пачаўшы ад Майсея, з усіх прарокаў тлумачыў ім сказанае пра Яго ва ўсім Пісаньні.
- 28. І наблізіліся яны да таго селішча, у якое ішлі; і Ён паказаў ім выглядам, што хоча ісьці далей;
- 29. але яны стрымлівалі яго, кажучы: застанься з намі, бо дзень ужо схіліўся на вечар. І Ён увайшоў і застаўся зь імі.
- 30. І калі Ён узьляжаў зь імі, дык, узяўшы хлеб, дабраславіў, пераламаў і падаў ім,
- 31. тады разамкнуліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён зрабіўся нябачны ім.
- 32. І яны сказалі адзін аднаму: ці ж не палала ў нас сэрца наша, калі Ён казаў нам на дарозе і калі тлумачыў нам Пісаньне?
- 33. І ўстаўшы ў тую самую хвіліну, вярнуліся ў Ерусалім, і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і тых, што былі зь імі,
- 34. якія казалі, што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і зьявіўся Сымону.
- 35. І яны расказвалі пра здарэньне на дарозе, і як Ён быў пазнаны імі пры ламаньні хлеба.
- 36. Калі яны казалі пра гэта, Сам Ісус стаў сярод іх і сказаў ім: мір вам.
- 37. Яны, сумеўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што бачаць духа;
- 38. але Ён сказаў ім: што бянтэжыцеся, і навошта такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
- 39. Паглядзеце на рукі Мае і на ногі Мае; гэта - Я сам; дакранецеся да Мяне і разгледзьце; бо дух ня мае плоці і касьцей, як бачыце ў Мяне.
- 40. І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
- 41. А калі яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзіваваліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
- 42. Яны падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
- 43. І ўзяўшы, еў перад імі.
- 44. І сказаў ім: вось тое, пра што Я вам казаў, яшчэ калі быў з вамі, што належыць спраўдзіцца ўсяму, напісанаму пра Мяне ў законе Майсеевым і ў прароках і ў псальмах.
- 45. Тады адчыніў ім розум на ўразуменьне Пісаньняў
- 46. і сказаў ім: так напісана, і так належала адпакутаваць Хрысту і ўваскрэснуць зь мёртвых на трэйці дзень,
- 47. і абвешчаным быць у імя Ягонае пакаяньню і дараваньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы зь Ерусаліма;
- 48. а вы сьведкі гэтага;
- 49. і я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас; вы ж заставайцеся ў горадзе Ерусаліме, пакуль не прасякнецеся сілаю згары.
- 50. І вывеў іх вонкі з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, дабраславіў іх.
- 51. І калі дабраславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
- 52. Яны пакланіліся яму і вярнуліся ў Ерусалім зь вялікаю радасьцю,
- 53. і былі заўсёды ў храме, славячы і дабраслаўляючы Бога. Амін.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Паводле Лукаша > Глава 24