Глава 1

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16
  • 1. Павал, раб Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны на зьвеставаньне Божае,
  • 2. якое Бог раней абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях,
  • 3. пра Сына Свайго, Які нарадзіўся ад семені Давідавага па плоці
  • 4. і адкрыўся Сынам Божым у сіле, духам сьвятасьці, праз уваскрэсеньне зь мёртвых, празь Ісуса Хрыста Госпада нашага,
  • 5. празь Якога мы атрымалі мілату і апостальства, каб несьці паслушэнства веры дзеля імя Ягонага ва ўсіх народах,
  • 6. сярод якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, -
  • 7. усім умілаванцам Божым у Рыме, пакліканым сьвятым: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
  • 8. Найперш за ўсё дзякую Богу майму празь Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера вашая абвяшчаецца па ўсім сьвеце;
  • 9. сьведка мне Бог, Якому служу духам маім у зьвеставаньні Сына Ягонага, што бесьперастанку ўспамінаю пра вас,
  • 10. заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб воля Божая хоць цяпер паспрыяла мне прыйсьці да вас,
  • 11. бо я вельмі прагну ўбачыць вас, каб падаць вам які дар духоўны на ўмацаваньне вашае,
  • 12. гэта значыцца, суцешыцца з вамі верай супольнаю, вашаю і маёю.
  • 13. Не хачу, браты, утойваць ад вас, што я многа разоў мерыўся прыйсьці да вас, - але сустракаў перашкоды аж да гэтай пары, - каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў.
  • 14. Я даўжнік і Элінам і варварам, мудрацам і неразумным;
  • 15. дык вось, што да мяне, я гатовы зьвеставаць і вам, жыхарам Рыма.
  • 16. Бо я не саромеюся зьвеставаньня Хрыстовага, бо яно ёсьць сіла Божая на збавеньне ўсякаму веруючаму, па-першае Юдэю, потым і Эліну.
  • 17. Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: "праведны вераю жыць будзе".
  • 18. Бо адкрываецца гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, якія ўціскаюць ісьціну няпраўдаю;
  • 19. бо, што можна ведаць пра Бога, ёсьць яўнае ім, таму што Бог явіў ім;
  • 20. бо нябачнае ў Ім, вечная сіла Ягоная і боскасьць, ад стварэньня сьвету праз сузіраньне тварэньняў бачныя, так што яны ня маюць выбачэньня.
  • 21. Але як што яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца:
  • 22. называючы сябе мудрымі, здурнелі,
  • 23. і славу нятленнага Бога зьмянілі на падабенства вобраза прахлага чалавека, і птушак, і чатырногаў, і гадаў, -
  • 24. дык і аддаў іх Бог у пахацінствах сэрцаў іхніх нячыстасьці, так што яны апаганьвалі самі свае целы;
  • 25. яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы, які дабраславёны навекі, амін.
  • 26. Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхнія замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае;
  • 27. гэтак сама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацінствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду.
  • 28. І як што яны не стараліся мець Бога ў розуме, дык аддаў іх Бог розуму перавернутаму - чыніць непатрэбшчыну,
  • 29. так што яны поўныя ўсялякай няпраўды, распусты, зламыснасьці, ліхазьдзірства, злосьці, поўныя зайздрасьці, душагубства, звады, ашуканства, ліхадушнасьці,
  • 30. яны паклёпнікі, хлусы, боганенавісьнікі, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, вынаходлівыя на зло, бацькам непакорлівыя,
  • 31. неразумныя, вераломныя, нлюбы, няпрымірцы, нелітасьціўцы.
  • 32. Яны ведаюць праведны вырак Божы, што тыя, якія чыняць такое, вартыя сьмерці; аднак жа ня толькі гэта робяць, але і сабе падобных падахвочваюць.