- 1. Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня?
- 2. Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае.
- 3. Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую?
- 4. Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: "Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім".
- 5. А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? - кажу, па-чалавечы разважаючы.
- 6. Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет?
- 7. Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка?
- 8. І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх.
- 9. Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам,
- 10. як напісана: "няма праведнага аніводнага;
- 11. няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы;
- 12. усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага".
- 13. Горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах;
- 14. вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы.
- 15. Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві;
- 16. разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах;
- 17. яны ня ведаюць шляхоў міру.
- 18. Няма страху Божага перад вачамі ў іх".
- 19. А мы ведаем, што закон, калі што гаворыць, гаворыць да тых, хто пад законам, так што замыкаюцца ўсякія вусны, і ўвесь сьвет робіцца вінаваты перад Богам,
- 20. бо дзеямі закона не апраўдаецца перад Ім ніякая плоць; бо законам спазнаецца грэх.
- 21. Але сёньня, незалежна ад закона, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі,
- 22. праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста ва ўсіх і на ўсіх вернікаў; бо няма розьніцы,
- 23. бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай,
- 24. атрымліваючы апраўданьне дарам, паводле мілаты Ягонай, адкупленьнем у Ісусе Хрысьце,
- 25. Якога Бог прынёс у ахвяру ўмілажальваньня ў Крыві Ягонай празь веру, для паказу справядлівасьці Ягонай ў дараваньні грахоў, учыненых раней,
- 26. у доўгім цярпеньні Божым, для паказу српавядлівасьці Ягонай ў сёньняшні час, - хай зьявіцца Ён справядллівы і апраўдае таго, хто веруе ў Ісуса.
- 27. Дзе ж тое, чым пахваліцца? зьнішчана. Якім законам? законам учынкаў? Не, а законам веры.
- 28. Бо мы прызнаём, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад дзеяў закона.
- 29. Няўжо Бог ёсьць Бог Юдэяў толькі, а не й язычнікаў? Вядома, і язычнікаў;
- 30. бо адзін Бог, Які апраўдае абрэзаных па веры і неабрэзаных празь веру.
- 31. Дык вось, ці ж мы не касуем закон вераю? Зусім не; а сьцьвярджаем закон.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Рымлянаў > Глава 3