Глава 9

  • 1. Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым,
  • 2. што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму:
  • 3. я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці;
  • 4. гэта азначае, Ізраільцян, якім належаць усынаўленьне і слава, і запаветы і заканадаўства, і набажэнства і абяцаньні;
  • 5. іхнія і бацькі, і ад іх Хрыстос па плоці, існы над ўсім Бог, дабраславёны навекі, амін.
  • 6. Але ня тое, каб слова Божае ня спраўдзілася. Бо ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля,
  • 7. і ня ўсе дзеці Абрагамавыя, якія ад семені ягонага; а (сказана): "у Ісааку назавецца табе семя".
  • 8. Гэта значыцца, ня плоцкія дзеці - дзеці Божыя; а дзеці абяцаньня прызнаюцца за семя.
  • 9. А слова абяцаньня такое: "у гэты самы час прыйду, а ў Сары будзе сын".
  • 10. І не адно гэта; а гэтак сама было і з Рэбэкаю, калі яна зачала ў адзін час двух сыноў ад Ісаака, бацькі нашага;
  • 11. бо калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага альбо благога (каб у пастанове Бог быў вольны выбіраць
  • 12. залежна не ад учынкаў, а ад Таго, Хто кліча), - сказана было ёй: "большы будзе ў паслужэньні ў меншага",
  • 13. як і напісана: "Якава Я палюбіў, а Ісава зьненавідзеў".
  • 14. Што ж скажам? Няўжо несправядлівасьць у Бога? Зусім не!
  • 15. Бо Ён кажа Майсею: "каго мілаваць, памілую; каго шкадаваць, пашкадую".
  • 16. Дык вось, памілаваньне залежыць не ад таго, хто хоча і імкнецца, а ад Бога, Які мілуе.
  • 17. Бо Пісаньне кажа фараону: "На тое Я і паставіў цябе, каб паказаць над табою сілу Маю, і каб прапаведана было імя Маё па ўсёй зямлі".
  • 18. Дык вось, каго хоча, мілуе; а каго хоча, робіць жорсткім.
  • 19. Ты скажаш мне: за што ж яшчэ дакарае? Бо хто ўсупрацівіцца волі Ягонай?
  • 20. А ты хто, чалавеча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа творыва творцу: навошта ты мяне так зрабіў?
  • 21. Ці ж ня мае ганчар улады над глінаю, каб з таго самага месіва зрабіць адзін посуд на ганаровае ўжываньне, а другі - на буднае?
  • 22. Што ж, калі Бог, хочучы паказаць гнеў і явіць магутнасьць Сваю, зь вялікай і доўгай цярплівасьцю пераносіў сасуды гневу, угатаваныя на пагібель,
  • 23. каб разам выявіць багацьце славы Сваёй над посудамі міласэрнасьці, якія Ён падрыхтаваў для славы, -
  • 24. над намі, каго Ён паклікаў ня толькі зь Юдэяў, але і зь язычнікаў?
  • 25. Як і ў Асіі кажа: "ня Мой народ назаву Маім народам, і не каханую каханаю".
  • 26. І на тым месцы, дзе сказана ім: "вы ня Мой народ, там названыя будуць сынамі Бога жывога".
  • 27. А Ісая ўсклікае пра Ізраіля: "хай хоць будуць сыны Ізраіля лікам, як пясок марскі, толькі рэшта ўратуецца;
  • 28. бо дзею заканчвае і скора вырашыць па праўдзе, дзею рашучую ўчыніць Гасподзь на зямлі"
  • 29. і як прадказаў Ісая: "калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам семені, мы зрабіліся б, як Садома, і былі б падобныя да Гаморы".
  • 30. Што ж скажам? Што язычнікі, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад веры;
  • 31. а Ізраіль, які шукаў закона праведнасьці, не дайшоў да закона праведнасьці.
  • 32. Чаму? Таму, што шукалі ня ў веры, а ў дзеях закона; бо спатыкнуліся аб камень спатыкненьня,
  • 33. як напісана: "вось, кладу ў Сыёне камень спатыкненьня і скалу панады; і хто верыць у Яго, не пасароміцца".