Глава 6

  • 1. Што ж скажам? ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата? Зусім не.
  • 2. Мы памерлі для грэху: як жа нам жыць у ім?
  • 3. Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся?
  • 4. Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.
  • 5. Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсеньня,
  • 6. ведаючы тое, што даўні наш чалавек крыжаваны зь ім, каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху;
  • 7. бо, хто памёр, той вызваліўся ад грэху.
  • 8. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім,
  • 9. ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады.
  • 10. Бо, што Ён памёр, дык памёр раз назаўсёды для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога.
  • 11. Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
  • 12. Дык вось, хай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам слухацца яго ў пажадах ягоных;
  • 13. і не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прыладу няправеднасьці, а аддайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці.
  • 14. Грэх не павінен над вамі валадарыць, бо вы не пад законам, а пад мілатою.
  • 15. Што ж? ці будзем грашыць таму, што мы не пад законам, а пад мілатою? Зусім не!
  • 16. Няўжо вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, альбо рабы грэху сьмерці, альбо паслушэнства на праведнасьць?
  • 17. Дзякаваць Богу, што вы, якія раней былі рабамі грэху, ад сэрца сталіся паслухмяныя таму вобразу вучэньня, якому аддалі сябе.
  • 18. А вызваліўшыся ад грэху, вы зрабіліся рабамі праведнасьці.
  • 19. Кажу паводле развагі людзкое, дзеля немачы плоці вашай. Як прадавалі вы чэлесы вашыя ў рабы нячыстасьці і беззаконьню на дзеі беззаконныя, так зараз аддайце чэлесы вашыя ў рабы праведнасьці на дзеі сьвятыя.
  • 20. Бо, калі вы былі рабамі грэху, тады былі вольныя ад праведнасьці.
  • 21. Які ж плён мы мелі тады? такія дзеі, якіх сёньня самі саромеецеся, бо канец іхні - сьмерць.
  • 22. А сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец - жыцьцё вечнае.
  • 23. Бо расплата за грэх - сьмерць, а дар Божы - жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.