Глава 15

  • 1. Мы, моцныя, павінны насіць немачы бясьсілых і не сабе дагаджаць:
  • 2. кожны з нас мусіць дагаджаць блізкаму, на дабро, у навучаньне.
  • 3. Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а як напісана: "ліхаслоўе тых, што ліхасловяць Цябе, упала на Мяне".
  • 4. А ўсё, што пісана было раней, напісана нам дзеля настаўленьня, каб мы цярплівасьцю і суцяшэньнем зь Пісаньняў захоўвалі надзею.
  • 5. А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам быць у аднадумстве паміж сабою, паводле вучэньня Хрыста Ісуса,
  • 6. каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
  • 7. Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас на славу Божую.
  • 8. Разумею тое, што Ісус Хрыстос зрабіўся слугою абрэзаных - дзеля ісьціны Божай, каб выканаць абяцанае бацькам,
  • 9. а язычнікам - зь літасьці, каб славілі Бога, як напісана: "за тое буду славіць Цябе, (Госпадзе), сярод язычнікаў і буду сьпяваць імені Твайму".
  • 10. І яшчэ сказана: "узьвесялецеся, язычнікі, з народам Ягоным".
  • 11. І яшчэ: "хвалеце Госпада, усе язычнікі, і праслаўляйце Яго, усе народы".
  • 12. Ісая таксама кажа: "будзе корань Есэеў, і паўстане валодаць народамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць".
  • 13. А Бог надзеі хай напоўніць вас усякай радасьцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Сьвятога, узбагаціліся надзеяю.
  • 14. І сам я пэўны за вас, браты мае, што і вы поўныя даброці, поўныя ўсякага веданьня і можаце настаўляць адно аднаго;
  • 15. але пісаў вам, браты, з пэўнай адвагаю, часткова як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне ад Бога мілаты
  • 16. быць слугою Ісуса Хрыста ў язычнікаў і выконваць сьвяшэнную службу зьвеставаньня Божага, каб гэтае прынашэньне язычнікаў, асьвечанае Духам Сьвятым, было спадобнае Богу.
  • 17. І вось, я магу пахваліцца ў Ісусе Хрысьце тым, што ідзе ад Бога;
  • 18. бо не адважуся сказаць што-небудзь такое, чаго ня ўчыніў Хрыстос празь мяне, у скарэньні язычнікаў у веру, словам і ўчынкам,
  • 19. сілаю азнакаў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што зьвеставаньне Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліма і навакольляў да Ілірыка.
  • 20. Пры тым я стараўся зьвеставаць ня там, дзе ўжо было вядомае імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужым падмурку,
  • 21. а як напісана: "каму пра Яго не абвяшчалася, убачаць, і тыя, што ня чулі, уведаюць".
  • 22. Якраз гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсьці да вас.
  • 23. А сёньня, ня маючы такое справы ў гэтых краінах, а з даўніх гадоў жадаючы прыйсьці да вас,
  • 24. як толькі выпраўлюся ў Іспанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі, і што вы праводзіце мяне туды, як толькі нацешуся лучнасьцю з вамі, хоць трохі.
  • 25. А цяпер я іду ў Ерусалім, каб паслужыць сьвятым;
  • 26. бо Македонія і Ахая рупяцца нешта ўдзяліць бедным сярод сьвятых у Ерусаліме.
  • 27. Рупяцца, ды і вінаватыя яны перад імі. Бо, калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цялесным.
  • 28. Выканаўшы гэта і верна перадаўшы ім гэты плод рупнасьці, я выпраўлюся праз вашыя мясьціны ў Іспанію,
  • 29. і ўпэўнены, што калі прыйду да вас, дык прыйду з поўным дабраславеньнем зьвеставаньня Хрыстовага.
  • 30. Тым часам малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, паспрыяць мне ў малітвах за мяне да Бога,
  • 31. каб пазбыцца мне няверуючых у Юдэі, і каб служэньне маё Ерусаліму было даспадобы сьвятым,
  • 32. каб мне ў радасьці, калі Богу заўгодна, прыйсьці да вас і супакоіцца з вамі.
  • 33. А Бог згоды хай будзе з усімі вамі. Амін.