- 1. Дык вось пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ Свой? Зусім не. Бо і я Ізраільцянін, ад семені Абрагамавага, з роду Веньямінавага.
- 2. Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
- 3. "Госпадзе! прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і маёй душы шукаюць".
- 4. Што ж кажа яму (Божы) адказ? "Я захаваў Сабе сем тысяч чалавек, якія ня схілілі каленяў перад Ваалам".
- 5. Так і ў сёньняшні час, пасьля выбраньня мілаты, захавалася рэшта.
- 6. Але, калі паводле мілаты, дык не паводле дзеяў; інакш мілата ня была б ужо мілатою. А калі паводле дзеяў, дык гэта ўжо не мілата; інакш дзея ня ёсьць ужо дзея.
- 7. А што? Ізраіль, чаго шукае, таго не атрымаў; а выбраныя атрымалі, а астатнія ажарсьцьвелі,
- 8. як напісана: "Бог даў ім дух усыпленьня, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да гэтага дня".
- 9. І Давід кажа: "хай будзе трапеза іхняй сеткай, цянётамі і пятлёю на расплату ім;
- 10. хай запамрочацца іхнія вочы, каб ня бачылі, і хрыбет іхні хай сагнецца назаўсёды".
- 11. І вось, я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасьці? Зусім не! Але ад іхняга падзеньня выратаваньне язычнікам, каб абудзіць у іх рупнасьць.
- 12. Калі ж падзеньне іхняе - багацьце сьвету, і зьмізарненьне іхняе - багацьце язычнікам, дык тым большая паўната іхняя.
- 13. Вам кажу, язычнікам: як апостал язычнікаў, я праслаўляю служэньне маё;
- 14. ці не абуджу руплівасьць у братах маіх па плоці і ці не ўратую некаторых зь іх?
- 15. Бо, калі адкіданьне іх ёсьць замірэньне сьвету, дык што будзе прыняцьце, як ня жыцьцё зь мёртвых?
- 16. Калі пачатак сьвяты, дык і цэлае, і калі корань сьвяты, дык і вецьце.
- 17. Калі ж некаторыя галіны адламаліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхняе і сталася супольніцай кораня і соку алівы,
- 18. дык не заносься перад галінамі; а калі заносішся, ведай, што ня ты корань трымаеш, а корань - цябе.
- 19. Скажаш: галіны адламаліся, каб мне прышчапіцца.
- 20. Добра. Яны адламаліся зь няверства, а ты трымаешся вераю; ня мудруй высока, а бойся.
- 21. Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, дык глядзі, ці пашкадуе цябе.
- 22. Дык вось бачыш даброць і строгасьць Божую: строгасьць да адпалых, а даброць да цябе, калі жыцьмеш у даброці Божай, інакш і ты будзеш адцяты.
- 23. Але і тыя, калі не застануцца ў няверстве, прышчэпяцца, бо Бог мае моц зноў прышчапіць іх.
- 24. Бо калі ты адцяты ад прыроднай дзічкі-алівы, і не па прыродзе прышчапіўся да высакароднай алівы, дык тым болей гэтыя прыродныя прышчэпяцца да сваёй алівы.
- 25. Бо не хачу пакінуць вас, браты, у патайноце гэтай (каб вы не задаваліся дужа сабою), што ажарсьцьвеньне спасьцігла Ізраіля часткова, да той пары, пакуль ня ўвойдуць усе язычнікі,
- 26. і так увесь Ізраіль уратуецца, як напісана: "прыйдзе з Сыёна Збаўца і адверне бязбожнасьць ад Якава;
- 27. і гэта запавет ім ад Мяне, калі здыму зь іх грахі іхнія".
- 28. Што да Дабравесьця, дык яны ворагі вам; а што да выбраньня любасьнікі Божыя ад бацькоў;
- 29. бо дары і пакліканьне Божае - адмяніць нельга.
- 30. Як і вы колісь былі нслухі ў Бога, а цяпер памілаваныя, празь непаслушэнства іхняе, -
- 31. так і яны цяпер неслухі на памілаваньне ваша, каб і самім быць памілаванымі.
- 32. Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслушэнства, каб усіх памілаваць.
- 33. О, бездань багацьця і мудрасьці і веданьня Божага! якія неспасьцігальныя суды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!
- 34. "Бо хто спазанаў розум Гасподні? Або хто дарадца Яму?
- 35. Або хто даў Яму наперад, каб Ён мусіў аддаць?"
- 36. Бо ўсё зь Яго, празь Яго і да Яго. Яму слава навекі вякоў. Амін.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Рымлянаў > Глава 11