- 1. Што ж, скажам, Абрагам, бацька наш, набыў па плоці?
- 2. Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам.
- 3. Бо што кажа Пісаньне? "Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць".
- 4. Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку;
- 5. а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць.
- 6. Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў:
- 7. "дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя;
- 8. дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху".
- 9. Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць.
- 10. Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня.
- 11. І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць,
- 12. і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.
- 13. Бо не законам дадзена Абрагаму, альбо семені ягонаму, абяцаньне - быць спадкаемцам сьвету, а праведнасьцю веры.
- 14. Калі спадкаемцы тыя, што сьцьвярджаюцца на законе, дык марная вера, нячыннае абяцаньне;
- 15. бо закон творыць гнеў, таму што дзе няма закона, няма і парушэньня.
- 16. Такім чынам па веры, каб было зь літасьці, каб абяцаньне было неадменнае ўсім, ня толькі па законе, але і па веры нашчадкаў Абрагама, які ёсьць бацька ўсім нам, -
- 17. як напісана: "Я паставіў цябе бацькам многіх народаў", - перад Богам, Якому ён паверыў, Які ажыўляе мёртвых і называе няіснае, як існае.
- 18. Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў, згодна са сказаным: "Такое шматлікае будзе семя тваё".
- 19. І, не зьнямогшыся ў веры, ён ня думаў, што цела ягонае, амаль стогадовага, ужо зьмярцьвела, і нутроба Сарыная ў зьмярцьвеньні;
- 20. не пахіснуўся ў абяцаньні Божым недавярствам, а застаўся цьвёрды ў веры, узьнёсшы славу Богу,
- 21. і будучы добра ўпэўнены, што Ён мае сілу выканаць абяцанае.
- 22. Таму і залічылася яму ў праведнасьць.
- 23. А што залічана было яму, напісана ня толькі яму аднаму,
- 24. але і нам: залічыцца і нам, што веруюць у Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса (Хрыста), Госпада нашага,
- 25. Які прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Новы Запавет > Да Рымлянаў > Глава 4