- 1. Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць.
- 2. Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь.
- 3. Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным.
- 4. Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей.
- 5. Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём.
- 6. Камяні яе - месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата.
- 7. Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;
- 8. не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал.
- 9. На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы;
- 10. у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае;
- 11. спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло.
- 12. Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму?
- 13. Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых.
- 14. Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне.
- 15. Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра.
- 16. Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам;
- 17. не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата.
- 18. А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны.
- 19. Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна.
- 20. Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму?
- 21. Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена.
- 22. Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе.
- 23. Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе.
- 24. Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам.
- 25. Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры,
- 26. калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай,
- 27. тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе
- 28. і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха - розум.
Ничего нет для сопоставления.