Глава 28

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42
  • 1. Так! У срэбра ёсьць вытокавая жыліна, і ў золата месца, дзе яго плавяць.
  • 2. Жалеза здабываецца зь зямлі; з каменьня выплаўляецца медзь.
  • 3. Чалавек кладзе мяжу цемры і старанна шукае камень у змроку і цяні сьмяротным.
  • 4. Выкопваюць рудню ў мясьцінах, забытых нагою, спускаюцца ўглыбіню, вісяць і зыбаюцца ўдалечыні ад людзей.
  • 5. Зямля, на якой вырастае хлеб, усярэдзіне перакапана як бы агнём.
  • 6. Камяні яе - месца сапфіра, і ў ёй пясчынкі золата.
  • 7. Сьцежкі туды ня ведае драпежная птушка, і ня бачыла яе вока каршуна;
  • 8. не тапталі яе львы, і не хадзіў па ёй шакал.
  • 9. На граніт кладзе ён руку сваю, з коранем перакульвае горы;
  • 10. у камянях прасякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае;
  • 11. спыняе цячэньне патокаў і схаванае выносіць на сьвятло.
  • 12. Але дзе мудрасьць жыве? і дзе месца розуму?
  • 13. Ня ведае чалавек цаны яе, і яна ня жыве на зямлі жывых.
  • 14. Бездань кажа: не ўва мне яна; і мора кажа: не ў мяне.
  • 15. Не даецца яна за золата, і не набываецца яна за вагу срэбра.
  • 16. Не ацэньваецца яна золатам Афірскім, ні каштоўным аніксам, ні сапфірам;
  • 17. не раўняецца зь ёю золата і крышталь, і ня выменяеш яе на посуд з чыстага золата.
  • 18. А пра каралы і жэмчуг і згадваць няма чаго, і набыцьцё мудрасьці вышэй за рубіны.
  • 19. Не раўняецца зь ёю тапаз Эфіопскі; чыстым золатам не ацэньваецца яна.
  • 20. Адкуль жа выходзіць мудрасьць? і дзе месца розуму?
  • 21. Схавана яна ад вачэй усяго жывога і ад птушак нябесных утоена.
  • 22. Авадон і сьмерць кажуць: вушамі нашымі чулі мы чутку пра яе.
  • 23. Бог ведае шлях яе, і Ён ведае месца яе.
  • 24. Бо бачыць да краёў зямлі і бачыць пад усім небам.
  • 25. Калі Ён ветру даваў вагу і разьмяшчаў ваду па меры,
  • 26. калі назначаў статут дажджу і шлях маланцы громаноснай,
  • 27. тады Ён бачыў яе і паказаў яе, падрыхтаваў яе і яшчэ выпрабаваў яе
  • 28. і сказаў чалавеку: вось страх Гасподні ёсьць сапраўдная мудрасьць, і аддаленьне ад ліха - розум.