- 1. Вучэньне Асафава. Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх?
- 2. Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, - пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.
- 3. Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні.
- 4. Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў;
- 5. выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва;
- 6. і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі;
- 7. сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі;
- 8. сказалі ў сэрцы сваім: "зруйнуем іх зусім!" - і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі.
- 9. Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.
- 10. Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?
- 11. Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.
- 12. Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!
- 13. Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;
- 14. Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.
- 15. Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.
- 16. Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;
- 17. Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.
- 18. Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё.
- 19. Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды.
- 20. Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту.
- 21. Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё.
- 22. Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі;
- 23. не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.
Ничего нет для сопоставления.