- 1. Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца розуму;
- 2. бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго.
- 3. Бо і я быў сын у бацькі майго, пяшчотна любімы і адзіны ў маці маёй.
- 4. І ён вучыў мяне і казаў мне: хай будуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві.
- 5. Здабывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі!
- 6. Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы.
- 7. Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум.
- 8. Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе;
- 9. ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок.
- 10. Слухай, сыне мой, і прымі словы мае, - і памножацца гады твайго жыцьця.
- 11. Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе па сьцежках простых.
- 12. Калі пойдзеш, крокам тваім ня будзе завады, і калі пабяжыш, не спатыкнешся.
- 13. Моцна трымайся наказу, не адкідай, захоўвай яго; бо ён - жыцьцё тваё.
- 14. Ня выходзь на сьцежку бязбожнікаў, і не хадзі па дарозе ліхіх;
- 15. пакінь яе, не хадзі ёю, ухіляйся ад яе і праходзь міма.
- 16. бо яны не заснуць, пакуль ня ўчыняць ліхога; прападзе сон у іх, пакуль яны не давядуць каго да падзеньня;
- 17. бо яны ядуць хлеб беззаконьня і п'юць віно рабунку.
- 18. Сьцежка праведных - як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня.
- 19. А шлях бязбожных - як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца.
- 20. Сыне мой! слоў маіх слухайся, і да прамоваў маіх нахілі тваё вуха;
- 21. хай не адыдуць яны ад вачэй тваіх; захоўвай іх усярэдзіне сэрца твайго:
- 22. бо яны жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ацаленьне ўсяму яго целу.
- 23. Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё; бо ў ім - крыніца жыцьця.
- 24. Адкінь ад сябе ілжывасьць вуснаў, і круцельства языка адхісьні ад сябе.
- 25. Вочы твае хай наперад глядзяць, і позірк твой хай скіраваны будзе перад табою.
- 26. Абдумай сьцежку назе тваёй, і ўсе дарогі твае хай будуць пэўныя.
- 27. Ня ўхіляйся ні направа, ні налева; адвядзі нагу тваю ад ліхога.
Ничего нет для сопоставления.