- 1. Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:
- 2. бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.
- 3. Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,
- 4. і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.
- 5. Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.
- 6. Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.
- 7. Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх.
- 8. Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам.
- 9. Намысел неразумнага - грэх, і блюзьнер - мярзота людзям.
- 10. Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.
- 11. Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?
- 12. Ці скажаш: "вось, мы ня ведалі гэтага?" А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.
- 13. Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:
- 14. такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.
- 15. Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага.
- 16. Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.
- 17. Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.
- 18. Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.
- 19. Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам:
- 20. бо ліхі ня мае будучыні - сьветач бязбожных патухне.
- 21. Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,
- 22. бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?
- 23. Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе - нядобра.
- 24. Хто кажа вінаватаму: "твая праўда", таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;
- 25. а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне.
- 26. У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.
- 27. Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.
- 28. Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?
- 29. Не кажы: "як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных".
- 30. Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.
- 31. І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.
- 32. І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:
- 33. "крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;
- 34. і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая - як чалавек узброены".
Ничего нет для сопоставления.