- 1. Ці мудрасьць не заклікае? і ці розум ня ўзносіць свой голас?
- 2. Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;
- 3. яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:
- 4. "Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!
- 5. Навучэцеся, невукі, добрай разумнасьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.
- 6. Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць - гідота для вуснаў маіх;
- 8. усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;
- 9. усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды.
- 10. Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;
- 11. бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.
- 12. Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.
- 13. Страх Гасподні - ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу.
- 14. У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.
- 15. Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.
- 16. Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя.
- 17. Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;
- 18. багацьце і слава са мною - скарб нятленны, і праўда;
- 19. плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.
- 20. Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя,
- 21. каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.
- 22. Гасподзь меў мяне ад пачатку дарогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:
- 23. адвеку была я памазаная, ад пачатку, ад правеку зямлі.
- 24. Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, багатых вадою.
- 25. Я нарадзілася перш, чым былі пастаўлены горы, раней за пагоркі,
- 26. калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.
- 27. Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверхняю бездані,
- 28. калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,
- 29. калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў асновы зямлі:
- 30. тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,
- 31. радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.
- 32. Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае!
- 33. Паслухайце настаўленьня, і мудрымі станьце, і не адступайцеся ад яго.
- 34. Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае!
- 35. Бо, хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада;
- 36. а хто грэшыць супроць мяне, учыняе шкоду душы маёй: усе тыя, што ненавідзяць мяне, любяць сьмерць".
Ничего нет для сопоставления.