- 1. Бязбожнік бяжыць, калі ніхто ня гоніцца за ім; а праведнік адважны, як леў.
- 2. Калі краіна адступіцца ад закона, тады многа ў ёй начальнікаў; а пры разумным і ўсяведным мужы яна даўгавечная.
- 3. Чалавек бедны і прыгнятальнік слабых тое самае, што праліўны дождж, які змывае хлеб.
- 4. Адступнікі ад закона хваляць бязбожных, а тыя, што трымаюцца закона, абураюцца імі.
- 5. Злыя людзі не разумеюць справядлівасьці, а шукальнікі Госпада разумеюць усё.
- 6. Лепш бедны, які ходзіць у сваёй беззаганнасьці, чым той, хто выкручвае шляхі свае, хоць ён і багаты.
- 7. Хто захоўвае закон - сын разумны, а хто водзіцца з марнатраўцамі, той уводзіць у сорам бацьку свайго.
- 8. Хто памнажае маёмасьць сваю ростам і ліхвою, той зьбірае яе дабрачынцам бедных.
- 9. Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва - мярзота.
- 10. Хто зводзіць праведных на дарогу зла, сам упадзе ў сваю яму; а беззаганныя спадкуюць дабро.
- 11. Чалавек багаты - мудрэц у вачах сваіх, але разумны бядняк бачыць яго наскрозь.
- 12. Калі трыумфуюць праведнікі, вялікая слава; але калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца.
- 13. Той, хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець посьпеху; а хто прызнаецца і пакідае іх, той будзе памілаваны.
- 14. Шчасны чалавек, які заўсёды ў страху Божым; а хто робіць жорсткім сэрца сваё, той трапляе ў бяду.
- 15. Як рыклівы леў і галодны мядзьведзь, так бязбожны валадар над бедным народам.
- 16. Неразумны валадар шмат чыніць крыўды; а той, які ненавідзіць карысьлівасьць, падоўжыць дні.
- 17. Чалавек вінаваты ў крыві чалавечай, будзе ўцякаць да сьмерці, каб хто не схапіў яго.
- 18. Хто ходзіць беззаганна, той будзе ўратаваны; а хто ходзіць крывымі дарогамі, упадзе на адной зь іх.
- 19. Хто ўрабляе зямлю сваю, той будзе есьці хлеб; а хто пераймае гультаёў, таго накорміць галеча.
- 20. Верны чалавек багаты на дабраславеньні; а хто сьпяшаецца разбагацець, той не застанецца без пакараньня.
- 21. Зважаць на асобы - нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць крыўду.
- 22. Сьпяшаецца да багацьця зайздросьлівы чалавек, і ня думае, што галеча спасьцігне яго.
- 23. Хто дакарае чалавека, знойдзе большую прыязнасьць, чым той, хто лісьлівіць языком.
- 24. Хто абкрадвае бацьку свайго і маці сваю і кажа: "гэта ня грэх", той - саўдзельнік грабежнікаў.
- 25. Пыхлівец распальвае свару, а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў дабрадзенстве.
- 26. Хто спадзяецца на сябе, той неразумны; а хто ходзіць у мудрасьці, той будзе цэлы.
- 27. Хто дае жабраку, не зьбяднее; а хто засланяе вочы ад яго, на тым шмат праклёнаў.
- 28. Калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца; а калі яны падаюць, множацца праведнікі.
Ничего нет для сопоставления.