- 1. Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.
- 2. Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.
- 3. Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.
- 4. За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё.
- 5. Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.
- 6. Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца.
- 7. Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.
- 8. Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.
- 9. Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.
- 10. Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.
- 11. Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар - сябар.
- 12. Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.
- 13. Гультай кажа: "леў на вуліцы! сярод плошчы заб'юць мяне!"
- 14. Глыбокая прорва - вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.
- 15. Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.
- 16. Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.
- 17. Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў;
- 18. бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх.
- 19. Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.
- 20. Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні,
- 21. каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?
- 22. Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;
- 23. бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.
- 24. Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,
- 25. каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.
- 26. Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.
- 27. Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.
- 28. Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.
- 29. Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.
Ничего нет для сопоставления.