- 1. Віно - глумлівае, сікера - шалёная; і кожны, хто захапляецца імі, неразумны.
- 2. Пагроза царовая - нібы рык ільва: хто дражніць яго, той грэшыць супроць самога сябе.
- 3. Гонар чалавеку - ухіліцца ад свары; а хто любіць сварыцца - неразумны.
- 4. Гультай зімою не арэ; жабруе летам - і няма нічога.
- 5. Помыслы ў сэрцы ў чалавека - глыбокія воды, але чалавек разумны вычэрпвае іх.
- 6. Многія хваляць чалавека за мілажальнасьць, а хто знойдзе чалавека надзейнага?
- 7. Праведнік ходзіць у сваёй беспахібнасьці: шчасныя дзеці ягоныя пасьля яго!
- 8. Цар, які сядзіць на троне правасудзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое.
- 9. Хто можа сказаць: "я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?"
- 10. Дваякія шалі, дваякая мера, і тое і другое - агідныя Госпаду.
- 11. Можна пазнаць нават падлетка па занятках ягоных: ці чыстыя і ці правільныя ўчынкі ягоныя?
- 12. Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць - і тое і другое стварыў Гасподзь.
- 13. Ня любі спаць, каб табе не зьбяднець; расплюшчы вочы твае, і будзеш удосыць есьці хлеб.
- 14. "Дрэнна, дрэнна", кажа пакупнік; а як адыдзе - хваліцца.
- 15. Ёсьць золата і шмат жэмчугу, але найкаштоўнейшы посуд - вусны разумныя.
- 16. Вазьмі вопратку ягоную, бо ён паручыўся за чужога; за незнаёмага вазьмі зь яго заклад.
- 17. Салодкі чалавеку хлеб, набыты няпраўдаю; але пасьля - рот ягоны пяском напоўніцца.
- 18. Намеры набываюць пэўнасьць праз нараду, і пасьля нарады вядзі вайну.
- 19. Хто абгаворвае, той раскрывае таямніцы, і хто шырока разьзяўляе рот, з тым не вадзіся.
- 20. Хто ліхасловіць бацьку свайго і сваю маці, таго сьветач патухне сярод глыбокае цемры.
- 21. Спадчына, сьпешна захопленая напачатку, ня будзе дабраславёная пазьней.
- 22. Не кажы: "я адплачу табе за зло"; даверся Госпаду, і Ён ахавае цябе.
- 23. Агідныя Госпаду - дваякія гіры, і дваякія шалі - не дабро.
- 24. Ад Госпада кіруюцца крокі чалавека; а чалавеку як зьведаць дарогу сваю?
- 25. Сетка чалавеку - неадумна даваць зарок, і пасьля зароку - абдумваць.
- 26. Мудры цар расьцярушыць бязбожных і паверне на іх кола.
- 27. Сьветач Гасподні - дух чалавека, які вывярае ўсе глыбіні сэрца.
- 28. Ласка і праўда ахоўваюць цара, і на ласцы ён трымае свой трон.
- 29. Слава юнакоў - сіла іхняя, а акраса старых - сівізна.
- 30. Раны ад удараў - лечаць ад зла, і ўдары, якія пранікаюць усярэдзіну чэрава.
Ничего нет для сопоставления.