- 1. Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
- 2. Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.
- 3. У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.
- 4. Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.
- 5. Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.
- 6. Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.
- 7. Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.
- 8. Мудрасьць разумнага - што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў - толькі ашука.
- 9. Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных - Божая мілата.
- 10. Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.
- 11. Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.
- 12. Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх - шлях сьмерці.
- 13. І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.
- 14. Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры - ад сваіх.
- 15. Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.
- 16. Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.
- 17. Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.
- 18. Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.
- 19. Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка.
- 20. Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.
- 21. Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.
- 22. Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.
- 23. Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.
- 24. Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.
- 25. Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.
- 26. У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.
- 27. Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.
- 28. У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару.
- 29. У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.
- 30. Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям.
- 31. Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.
- 32. За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.
- 33. Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.
- 34. Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў.
- 35. Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго.
Ничего нет для сопоставления.