- 1. Абрагам быў ужо стары і ў сталым веку. Гасподзь дабраславіў Абрагама ўсім.
- 2. І сказаў Абрагам рабу свайму, старэйшаму ў доме ягоным, кіроўцу ўсім, што ў яго было: пакладзі руку тваю пад сьцягно маё
- 3. і запрысягніся мне Госпадам, Богам неба і Богам зямлі, што ты ня возьмеш сыну майму жонкі з дачок Хананэяў, сярод якіх я жыву;
- 4. а пойдзеш у зямлю маю, на радзіму маю, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку.
- 5. Раб сказаў яму: можа стацца, не захоча жанчына ісьці са мною ў гэтую зямлю; ці павінен я вярнуць сына твайго ў зямлю, зь якое ты выйшаў?
- 6. Абрагам сказаў яму: сьцеражыся, не вяртай сына майго туды;
- 7. Гасподзь, Бог неба, Які ўзяў мяне з дома бацькі майго і зь зямлі нараджэньня майго, Які гаварыў мне і Які прысягнуў мне, кажучы: нашчадкам тваім дам гэтую зямлю, - Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль;
- 8. калі ж не захоча жанчына ісьці з табою, ты будзеш вольны ад гэтай прысягі маёй; толькі сына майго не вяртай туды.
- 9. І паклаў раб руку сваю пад сьцягно Абрагаму, гаспадару свайму, і запрысягнуўся яму ў гэтым.
- 10. І ўзяў раб зь вярблюдаў гаспадара свайго дзесяць вярблюдаў і пайшоў. У руках у яго былі таксама ўсякія скарбы гаспадара ягонага. Ён устаў і пайшоў у Месапатамію, у горад Нахораў;
- 11. і спыніў вярблюдаў па-за горадам, каля калодзежа вады, пад вечар, у той час, калі прыходзяць жанчыны чэрпаць ваду,
- 12. і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама, пашлі яе сёньня насустрач мне і ўчыні міласьць гаспадару майму Абрагаму;
- 13. вось, я стаю каля крыніцы вады, і дочкі жыхароў горада выходзяць чэрпаць ваду;
- 14. і дзяўчына, якой я скажу: нахілі збанок твой, я нап'юся; і яна скажа: пі, я і вярблюдам тваім дам піць, - вось тая, якую Ты назначыў рабу Твайму Ісааку; і з гэтага даведаюся я, што Ты чыніш мілату гаспадару майму.
- 15. Яшчэ не перастаў ён гаварыць, і вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ад Ватуіла, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагамавага, і збанок яе на плячы ў яе;
- 16. дзяўчына была прыгожая з твару, дзева, якое не спазнаў муж. Яна сышла да крыніцы, напоўніла збанок свой і пайшла ўгору.
- 17. І пабег раб насустрач ёй і сказаў: дай мне выпіць крыху вады са збанка твайго.
- 18. Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго.
- 19. І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап'юцца ўсе.
- 20. І адразу выліла ваду са збанка свайго ў карыта, і пабегла зноў да калодзежа зачарпнуць, і начэрпала ўсім вярблюдам ягоным,
- 21. Чалавек той глядзеў на яе са зьдзіўленьнем моўчкі, хочучы зразумець, ці дабраславіў Гасподзь дарогу ягоную, ці не.
- 22. Калі вярблюды перасталі піць, тады чалавек той узяў залатую завушніцу, вагою паўсікля, і два запясьці на рукі ёй, вагою ў дзесяць сікляў золата,
- 23. і сказаў: чыя ты дачка? скажы мне; ці ёсьць у доме ў бацькі твайго месца нам начаваць?
- 24. Яна сказала яму: я дачка Ватуіла, сына Мілкі, якога яна нарадзіла Нахору.
- 25. І яшчэ сказала яму: у нас многа саломы і корму; і ёсьць месца начаваць.
- 26. І схіліўся чалавек той, і пакланіўся Госпаду,
- 27. і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог гаспадара майго Абрагама, Які не абышоў гаспадара майго ласкаю Сваёю і праўдаю Сваёю! Гасподзь роўнаю дарогаю прывёў мяне да дома брата гаспадара майго.
- 28. Дзяўчына пабегла і расказала пра гэта ў доме маці сваёй.
- 29. У Рэбэкі быў брат, якога звалі Лаван. Лаван выбег да таго чалавека, да крыніцы.
- 30. І калі ён убачыў завушніцу і запясьці на руках у сястры сваёй, якая казала: так гаварыў са мною чалавек гэты, - дык прыйшоў да чалавека, і вось, ён стаіць каля вярблюдаў ля крыніцы;
- 31. і сказаў яму: увайдзі, дабраславёны Госпадам; чаго ты стаіш звонку? я падрыхтаваў дом і месца вярблюдам.
- 32. І ўвайшоў чалавек. Лаван расьсядлаў вярблюдаў і даў саломы і корму вярблюдам і вады памыць ногі яму і людзям, якія былі зь ім;
- 33. і прапанавалі яму ежы. Але ён сказаў: ня буду есьці, пакуль не скажу справы сваёй. І сказалі: кажы.
- 34. Ён сказаў: я раб Абрагамаў;
- 35. Гасподзь вельмі дабраславіў гаспадара майго, і ён зрабіўся вялікім: Ён даў яму авечак і валоў, срэбра і золата, рабоў і рабыняў, вярблюдаў і аслоў.
- 36. Сарра, жонка гаспадара майго, ужо пастарэўшы, нарадзіла гаспадару майму сына, якому ён аддаў усё, што ў яго;
- 37. і ўзяў зь мяне прысягу гаспадар мой, сказаўшы: не бяры жонкі сыну майму з дачок Хананэяў, у зямлі якіх я жыву,
- 38. а ідзі ў дом бацькі майго і да сваякоў маіх, і возьмеш жонку сыну майму.
- 39. І сказаў гаспадару майму: магчыма, ня пойдзе жанчына са мною.
- 40. Ён сказаў мне: Гасподзь, прад абліччам Якога я хаджу, пашле з табою анёла Свайго і добра ўладкуе шлях твой, і возьмеш жонку сыну майму з родзічаў маіх і з дому бацькі майго;
- 41. тады будзеш ты вольны ад прысягі маёй, калі сходзіш да родзічаў маіх; і калі яны не дадуць табе, ты будзеш вольны ад прысягі маёй.
- 42. І прыйшоў я сёньня да крыніцы і сказаў: Госпадзе, Божа гаспадара майго Абрагама! Калі Ты добра ўладкуеш шлях, які я праходжу,
- 43. дык вось, я стаю каля крыніцы вады, і дзяўчына, якая выйдзе зачарпнуць і якой я скажу: дай мне выпіць крыху са збанка твайго,
- 44. і якая скажа мне: і ты пі, і вярблюдам тваім я начэрпаю, - вось жонка, якую Гасподзь вызначыў сыну гаспадара майго.
- 45. Яшчэ не перастаў я гаварыць у думках маіх, і вось, выйшла Рэбэка, і збанок яе на плячы ў яе, і сышла да крыніцы і зачарпнула; і я сказаў ёй: напаі мяне.
- 46. Яна адразу апусьціла зь сябе збанок свой і сказала: пі, і вярблюдаў тваіх я напаю. І я піў. І вярблюдаў яна напаіла.
- 47. Я спытаўся ў яе і сказаў: чыя ты дачка? Яна сказала: дачка Ватуіла, сына Нахоравага, якога нарадзіла яму Мілка. І даў я завушніцы ёй і запясьці на рукі яе.
- 48. І схіліўся я і пакланіўся Госпаду, і дабраславіў Госпада, Бога гаспадара майго Абрагама, Які роўнай дарогаю прывёў мяне, каб узяць дачку брата гаспадара майго за сына ягонага.
- 49. І цяпер скажэце мне: ці маеце вы намер зрабіць ласку і праўду гаспадару майму, ці не? скажэце мне, і я павярнуся направа альбо налева.
- 50. І адказвалі Лаван і Ватуіл і сказалі: ад Госпада прыйшла гэтая дзея; мы ня можам сказаць табе папярок ні благога, ні добрага;
- 51. вось Рэбэка перад табою; вазьмі і ідзі; хай будзе яна жонкаю сыну гаспадара твайго, як сказаў Гасподзь.
- 52. Калі раб Абрагамаў пачуў словы іхнія, дык пакланіўся Госпаду да зямлі.
- 53. І дастаў раб срэбныя рэчы і залатыя рэчы і вопратку і даў Рэбэцы; таксама і брату яе і маці яе даў багатыя дарункі.
- 54. І елі і пілі ён і людзі, якія былі зь ім, і заначавалі. Калі ж усталі раніцай, дык ён сказаў: пусьцеце мяне да гаспадара майго.
- 55. Але брат яе і маці сказалі: хай пабудзе з намі дзяўчына дзён зь дзесяць; потым пойдзеш.
- 56. Ён сказаў ім: ня трымайце мяне, бо Гасподзь добра ўладкаваў шлях мой; пусьцеце мяне, і я пайду да гаспадара майго.
- 57. Яны сказалі: паклічам дзяўчыну і спытаемся, што яна скажа.
- 58. І паклікалі Рэбэку і сказалі ёй: ці пойдзеш з гэтым чалавекам? Яна сказала: пайду.
- 59. І пусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміцельку яе, і раба Абрагамавага, і людзей ягоных.
- 60. І дабраславілі Рэбэку і сказалі ёй: сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч, і хай валодаюць нашчадкі твае жытлішчамі ворагаў тваіх,
- 61. І ўстала Рэбэка і служанкі яе, і селі на вярблюдаў, і паехалі за тым чалавекам. І раб узяў Рэбэку і пайшоў.
- 62. А Ісаак прыйшоў з Бэер-Лахай-Роі, бо жыў ён у зямлі паўдзённай.
- 63. Як пачало вечарэць, Ісаак выйшаў у поле падумаць, і ўзьвёў вочы свае, і ўбачыў: вось, ідуць вярблюды.
- 64. Рэбэка зірнула, і ўбачыла Ісаака, і спусьцілася зь вярблюда.
- 65. І сказала рабу: хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам? Раб сказаў: гэта гаспадар мой. І яна ўзяла пакрывала і закрылася.
- 66. А раб сказаў Ісааку ўсё, што зрабіў.
- 67. І ўвёў яе Ісаак у намёт Сарры, маці сваёй, і ўзяў Рэбэку, і яна сталася яму жонкай, і ён пакахаў яе; і суцешыўся Ісаак у журбоце па маці сваёй.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Быцьцё > Глава 24