- 1. І ўзяў Абрагам яшчэ жонку, імем Хэтуру.
- 2. Яна нарадзіла яму Зімрана, Ёкшана, Мэдана, Мадыяна, Ішбака і Шуаха.
- 3. Ёкшан спарадзіў Шэву і Дэдана. Сыны Дэдана былі: Ашурым, Летушым і Леюмім.
- 4. Сыны Мадыяна: Эфа, Эфэр, Ханох, Авіда і Элдага. Усе гэтыя сыны Хэтуры.
- 5. І аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку;
- 6. а сынам наложніц, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дарункі і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю.
- 7. Дзён жыцьця Абрагамавага, якія ён пражыў, было сто семдзесят пяць гадоў;
- 8. і сканаў Абрагам, і памёр у старасьці добрай, вельмі стары і насычаны, і прылучаны да люду свайго.
- 9. І пахавалі яго Ісаак і Ізмаіл, сыны ягоныя, у пячоры Махпэл, на полі Эфрона, сына Цахара, Хэтэяніна, якое насупроць Мамрэ,
- 10. на полі, якое Абрагам набыў у сыноў Хэтавых. Там пахаваны Абрагам і Сарра, жонка ягоная.
- 11. Пасьля сьмерці Абрагама Бог дабраславіў Ісаака, сына ягонага. Ісаак жыў пры Бээр-Лахай-Роі.
- 12. Вось радавод Ізмаіла, сына Абрагамавага, якога нарадзіла Абрагаму Агар, Егіпцянка, Саррына служанка;
- 13. і вось імёны сыноў Ізмаілавых, імёны іхнія паводле радаводу іхняга: першынец Ізмаілаў Наваёт, Кедар, Адбээл, Міўсам,
- 14. Мішма, Дума, Маса,
- 15. Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма.
- 16. Яны сыны Ізмаілавыя, і гэта імёны іхнія, у селішчах іхніх, у качэўях іхніх. Гэта дванаццаць князёў плямёнаў іхніх.
- 17. А гадоў жыцьця Ізмаілавага было сто трыццаць сем гадоў; і сканаў ён, і памёр, і прылучаны да народу свайго.
- 18. Яны жылі ад Хавілы да Сура, што перад Егіптам, як ідзеш да Асірыі. Яны пасяліліся перад абліччам усіх братоў сваіх.
- 19. Вось радавод Ісаака, сына Абрагамавага. Абрагам спарадзіў Ісаака.
- 20. Ісааку было сорак гадоў калі ён узяў сабе за жонку Рэбэку, дачку Ватуіла Арамэйца зь Месапатаміі, сястру Лавана Арамэйца.
- 21. І маліўся Ісаак Госпаду за жонку сваю, бо яна была няплодная; і Гасподзь пачуў яго, і зачала Рэбэка жонка ягоная.
- 22. Сыны ва ўлоньні яе пачалі біцца, і яна сказала: калі так будзе, дык навошта мне гэта? І пайшла спытацца ў Госпада.
- 23. Гасподзь сказаў ёй: два племені ў чэраве тваім, і два розныя народы пойдуць з нутробы тваёй; адзін народ зробіцца мацнейшы за другі, і большы будзе служыць меншаму.
- 24. І настаў час ёй радзіць: і вось блізьняты ў нутробе ў яе.
- 25. Першы выйшаў чырвоны, увесь, як скура, калматы, і далі яму імя: Ісаў.
- 26. Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся.
- 27. Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў.
- 28. Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава.
- 29. І згатаваў Якаў страву; а Ісаў прыйшоў з поля стомлены.
- 31. Але Якаў сказаў: прадай мне цяпер жа сваё першародства.
- 32. Ісаў сказаў: вось, я паміраю, што мне з гэтага першародства?
- 33. Якаў сказаў: прысягні мне цяпер жа. Ён прысягнуў яму, і прадаў першародства сваё Якаву.
- 34. І даў Якаў Ісаву хлеба і стравы з сачыўкі: і ён еў і піў, і ўстаў і пайшоў; і пагардзіў Ісаў першародствам.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Быцьцё > Глава 25