Глава 40

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 35 36 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46 47 48 49 50
  • 1. Пасьля гэтага чашнік цара Егіпецкага і пекар правінаваціліся перад гаспадаром сваім, царом Егіпецкім.
  • 2. І ўгневаўся фараон на двух царадворцаў сваіх, на галоўнага чашніка і на галоўнага пекара,
  • 3. і аддаў іх пад варту ў дом да начальніка целаахоўцаў, у цямніцу, у тое месца, дзе ўвязьнены быў Язэп.
  • 4. Начальнік целаахоўцаў прыставіў да іх Язэпа, і ён служыў ім. І прабылі яны пад вартаю некаторы час.
  • 5. Аднаго разу чашніку і пекару цара Егіпецкага, увязьненым у цямніцы, бачыліся сны, кожнаму свой сон, абодвум у адну ноч, кожнаму сон адмысловага значэньня.
  • 6. І прыйшоў да іх Язэп раніцай, убачыў іх, і вось, яны сумеліся.
  • 7. І спытаўся ён у царадворцаў фараонавых, якія былі зь ім у доме гаспадара ягонага пад вартаю, кажучы: чаго ў вас сёньня журботныя твары?
  • 8. Яны сказалі яму: нам прысьніліся сны, а растлумачыць іх няма каму. Язэп сказаў ім: ці не ад Бога тлумачэньні? раскажэце мне.
  • 9. І расказаў галоўны чашнік Язэпу сон свой і сказаў яму: мне сьнілася, вось вінаградная лаза перад мною;
  • 10. на лазе тры галінкі; яна разьвілася, паказаліся на ёй кветкі, вырасьлі і пасьпелі на ёй ягады;
  • 11. і чаша фараонавая ў мяне ў руцэ; я ўзяў ягад, выціснуў іх у чашу фараонавую і падаў чашу ў руку фараону.
  • 12. І сказаў яму Язэп: вось тлумачэньне яго: тры галінкі - гэта тры дні;
  • 13. праз тры дні фараон узьнясе галаву тваю і верне цябе на месца тваё, і ты падасі чашу фараонавую ў руку яму, па ранейшай завядзёнцы, калі ты быў у яго чашнікам;
  • 14. спамяні ж пра мяне, калі табе будзе добра, і зрабі мне дабрачынства, і нагадай пра мяне фараону, і выведзі мяне з гэтага дома;
  • 15. бо я ўкрадзены зь зямлі Габрэяў; а таксама і тут нічога не зрабіў, за што б кідаць мяне ў цямніцу.
  • 16. Галоўны пекар убачыў, што растлумачыў ён добра, і сказаў Язэпу: мне таксама сьнілася: вось на галаве ў мяне тры кашы кратаваныя;
  • 17. у верхнім кашы ўсялякая ежа фараонавая, вырабы пекара, і птушкі дзяўблі яе з каша на галаве маёй.
  • 18. І адказваў Язэп і сказаў: вось тлумачэньне яго: тры кашы - гэта тры дні.
  • 19. праз тры дні фараон здыме зь цябе галаву тваю і павесіць цябе на дрэве, і птушкі будуць дзяўбці плоць тваю зь цябе.
  • 20. На трэці дзень, дзень народзінаў фараонавых, учыніў ён гасьціну ўсім слугам сваім і ўспомніў пра галоўнага чашніка і галоўнага пекара сярод слуг сваіх;
  • 21. і вярнуў галоўнага чашніка на ранейшае месца, і ён падаў чашу ў руку фараону;
  • 22. а галоўнага хлебадара павесіў на дрэве, як растлумачыў ім Язэп.
  • 23. І ня ўспомніў галоўны чашнік пра Язэпа, а забыў яго.