- 1. І даведаўся Якаў, што ў Егіпце ёсьць хлеб, і сказаў Якаў сынам сваім: што вы гледзіце?
- 2. і сказаў: вось, я чуў, што ёсьць хлеб у Егіпце; ідзеце туды і купеце нам хлеба адтуль, каб нам жыць і не памерці.
- 3. Дзесяць братоў Язэпавых пайшлі купіць хлеба ў Егіпце,
- 4. а Веньяміна, брата Язэпавага, не паслаў Якаў з братамі ягонымі, бо сказаў: ня сталася б зь ім бяды.
- 5. І прыйшлі сыны Ізраілевыя купляць хлеб разам зь іншымі прыбыльцамі, бо ў зямлі Ханаанскай быў голад.
- 6. А Язэп быў правадырам у зямлі той: ён і прадаваў хлеб усяму народу зямлі. Браты Язэпа прыйшлі і пакланіліся яму тварам да зямлі.
- 7. І ўбачыў Язэп братоў сваіх і пазнаў іх; але ўдаў, быццам ня ведае іх, і гаворыць зь імі сурова і сказаў ім: адкуль вы прыйшлі? Яны сказалі: зь зямлі Ханаанскай, купіць ежы.
- 8. Язэп пазнаў братоў сваіх; але яны не пазналі яго.
- 9. І ўспомніў Язэп сны, якія сьніліся яму пра іх; і сказаў ім: вы - выведнікі, вы прыйшлі паглядзець галізну зямлі гэтай.
- 10. Яны сказалі яму: не, спадару наш; рабы твае прыйшлі купіць ежы;
- 11. мы ўсе дзеці аднаго чалавека; мы людзі сумленныя; рабы твае ня бывалі выведнікамі.
- 12. Ён сказаў ім: не, вы прыйшлі падгледзець галізну зямлі гэтай.
- 13. Яны сказалі: нас, рабоў тваіх, дванаццаць братоў; мы сыны аднаго чалавека ў зямлі Ханаанскай, і вось, меншы цяпер з бацькам нашым, а аднаго ня стала.
- 14. І сказаў ім Язэп: гэта самае я і казаў вам, сказаўшы: вы выведнікі;
- 15. вось, як вы будзеце выпрабаваны: прысягаю жыцьцём фараонавым, вы ня выйдзеце адгэтуль, калі ня прыйдзе сюды меншы брат ваш;
- 16. пашлеце аднаго з вас, і хай ён прывядзе брата вашага; а вы будзеце затрыманы; і адкрыецца, ці вашая праўда, а калі не, дык прысягаю жыцьцём фараонавым, што вы выведнікі.
- 17. І аддаў іх пад варту на тры дні.
- 18. І сказаў ім Язэп на трэці дзень: вось, што зрабеце, і застанецеся жывыя, бо я баюся Бога:
- 19. калі вы людзі сумленныя, дык адзін брат з вас хай будзе трыманы ў доме, дзе вы ўвязьнены; а вы ідзеце, завязеце хлеб, з прычыны голаду ў сем'ях вашых;
- 20. а брата вашага меншага прывядзеце да мяне, каб спраўдзіліся словы вашыя і каб не памерці вам. Так яны і зрабілі.
- 21. І казалі яны адзін аднаму: і праўда ж, гэта кара нам за грэх супроць брата нашага; мы бачылі пакуту душы ягонай, калі ён маліў нас, але не паслухалі яго; за тое і прыйшла на нас бяда гэтая.
- 22. Рувім адказваў ім і сказаў: ці ж не казаў я вам: не грашэце супроць хлопца? але вы не паслухаліся; вось, кроў яго спаганяецца.
- 23. А таго ня ведалі яны, што Язэп разумее; бо сярод іх быў перагаворшчык.
- 24. І адышоў ад іх і заплакаў. І вярнуўся да іх, і гаварыў зь імі, і, узяўшы зь іх Сымона, зьвязаў яго на вачах у іх.
- 25. І загадаў Язэп напоўніць мяхі іхнія хлебам, а срэбра іхняе вярнуць кожнаму ў мяшок ягоны, і даў ім запасу на дарогу. Так і зроблена зь імі.
- 26. Яны паклалі хлеб свой на аслоў сваіх і пайшлі адтуль.
- 27. І адкрыў адзін зь іх мех свой, каб даць корму аслу свайму на начлезе, і ўбачыў срэбра сваё ў мяшку,
- 28. і сказаў сваім братам: срэбра маё вернута: вось яно ў мяшку ў мяне. І сумелася сэрца ў іх, і яны з дрыжыкамі казалі адзін аднаму: што гэта Бог зрабіў з намі?
- 29. І прыйшлі да Якава, бацькі свайго, у зямлю Ханаанскую і расказалі яму ўсё, што здарылася зь імі, кажучы:
- 30. правадыр той зямлі гаварыў з намі сурова і прыняў нас за выведнікаў зямлі той.
- 31. І сказалі мы яму: мы людзі сумленныя; мы ня бывалі выведнікамі:
- 32. нас дванаццаць братоў, сыноў у бацькі нашага; аднаго ня стала, а меншы цяпер з бацькам нашым у зямлі Ханаанскай.
- 33. І сказаў нам правадыр той зямлі: вось, як даведаюся я, ці сумленныя вы людзі: пакіньце ў мяне аднаго брата з вас; а вы вазьмеце хлеб з прычыны голаду ў сем'ях вашых, і ідзеце,
- 34. і прывядзеце да мяне меншага брата вашага: і даведаюся я, што вы ня выведнікі, а людзі сумленныя; аддам вам брата вашага, і вы можаце парупіцца ў гэтай зямлі.
- 35. А калі яны апаражнялі мяхі свае, вось, у кожнага кашэль срэбра ў мяху ягоным. І ўбачылі яны кашалі срэбра свайго, яны і бацька іхні, і спалохаліся.
- 36. І сказаў ім Якаў, бацька іхні: вы пазбавілі мяне дзяцей: Язэпа няма, і Сымона няма, і Веньяміна ўзяць хочаце, - усё гэта на мяне!
- 37. І сказаў Рувім бацьку свайму, кажучы: забі двух маіх сыноў, калі я не прывяду яго да цябе; аддай яго на мае рукі; я вярну яго табе.
- 38. Ён сказаў: ня пойдзе сын мой з вамі, бо брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся; калі здарыцца зь ім няшчасьце ў дарозе, у якую вы пойдзеце, дык зьведзяце вы сівізну маю са смуткам у магілу.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Быцьцё > Глава 42