- 1. А Язэпа зьвялі ў Егіпет. І купіў яго з рук Ізмаільцянаў, якія прывялі яго туды, Егіпцянін Патыфар, царадворац фараонаў, начальнік целаахоўцаў.
- 2. І быў Гасподзь зь Язэпам: яму спрыяў посьпех у дзеях і ён жыў у доме гаспадара свайго, Егіпцяніна.
- 3. І ўбачыў гаспадар ягоны, што Гасподзь зь ім, і што ўсяму, што ён робіць, Гасподзь у руках ягоных дае посьпех.
- 4. І здабыў Язэп у вачах ягоных упадабаньне і служыў яму. І ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў на рукі яму.
- 5. І з таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, Гасподзь дабраславіў дом Егіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне Гасподняе на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.
- 6. І пакінуў ён усё, што меў, у руках у Язэпа, і ня ведаў пры ім нічога, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп быў прыгожы станам і прыгожы з твару.
- 7. І зьвярнула позірк на Язэпа жонка гаспадара ягонага і сказала: сьпі са мною.
- 8. Але ён адмовіўся і сказаў жонцы гаспадара свайго: вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне пра нішто ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у мае рукі;
- 9. няма болей мяне ў доме гэтым; і ён не забараніў мне нічога, акрамя цябе, бо ты жонка яму; як жа зраблю я гэта вялікае ліха і зграшу прад Богам?
- 10. Калі так яна штодня гаварыла Язэпу, а ён ня слухаўся яе, каб спаць зь ёю і быць зь ёю,
- 11. сталася аднаго дня, што ён увайшоў у дом рабіць справу сваю, а нікога з хатніх тут у доме ня было;
- 12. яна схапіла яго за вопратку ягоную і сказала: кладзіся са мною. Але ён, пакінуўшы вопратку сваю ў руках у яе, пабег і выбег прэч.
- 13. А яна, убачыўшы, што ён пакінуў вопратку сваю ў руках у яе і пабег прэч,
- 14. клікнула хатніх сваіх і сказала ім так: паглядзеце, ён прывёў да нас Габрэя зьдзекавацца з нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною; але я закрычала моцным голасам,
- 15. І ён, пачуўшы, што я падняла лямант і закрычала, пакінуў у мяне вопртаку сваю, і пабег, і выбег прэч.
- 16. І пакінула вопратку ягоную ў сябе да прыходу гаспадара ягонага ў дом свой.
- 17. І пераказала яму тыя самыя словы, кажучы: раб Габрэй, якога ты прывёў да нас, прыходзіў да мяне зьдзекавацца зь мяне;
- 18. але, калі я падняла лямант і закрычала, ён пакінуў у мяне вопратку сваю і выбег прэч.
- 19. Калі гаспадар ягоны пачуў словы жонкі сваёй, якія яна сказала яму, кажучы: так учыніў са мною раб твой, - дык запалаў гневам;
- 20. і ўзяў Язэпа гаспадар ягоны і аддаў яго ў цямніцу, дзе ўвязьнены вязьні цара. І быў ён там у цямніцы.
- 21. І Гасподзь быў зь Язэпам, і зрабіў яму ласку, і дараваў яму ўпадабаньне ў вачах начальніка цямніцы.
- 22. І аддаў начальнік цямніцы ў рукі Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў цямніцы, і ва ўсім, што яны там ні рабілі, ён быў распарадчыкам.
- 23. Начальнік цямніцы і не глядзеў ні за чым, што было ў яго ў руках, бо Гасподзь быў зь Язэпам, і ва ўсім, што ён рабіў, Гасподзь даваў посьпех.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Быцьцё > Глава 39