- 1. Як прайшло два гады, фараону прысьнілася: вось, ён стаіць каля ракі;
- 2. і вось, выйшлі з ракі сем кароў, добрых з выгляду і ўкормленых целам, і пасьвіліся ў трысьнягу;
- 3. але вось, пасьля іх выйшлі з ракі сем кароў іншых, благіх з выгляду і худых целам, і сталі каля тых кароў на беразе ракі;
- 4. і зьелі каровы благія з выгляду і худыя целам сем кароў добрых з выгляду і ўкормленых. І прачнуўся фараон,
- 5. і заснуў зноў, і сьнілася яму другім разам: вось, на адной сьцябліне падняліся сем каласоў налітых і добрых;
- 6. але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў пустых і высушаных усходнім ветрам;
- 7. і пажэрлі пустыя каласы сем каласоў налітых і поўных. І прачнуўся фараон і зразумеў, што гэта сон.
- 8. Раніцай сумеўся дух ягоны, і паслаў ён, і паклікаў усіх вешчуноў Егіпта і ўсіх мудрацоў ягоных, і расказаў ім фараон сон свой; але ня было нікога, хто растлумачыў бы яго фараону.
- 9. І пачаў гаварыць галоўны чашнік фараону і сказаў: грахі мае ўспамінаю я сёньня;
- 10. фараон угневаўся на рабоў сваіх і аддаў мяне і галоўнага пекара пад варту ў дом начальніка целаахоўцаў;
- 11. і сьніўся нам сон у адну ноч, мне і яму, кожнаму сьніўся сон адмысловага значэньня;
- 12. а там быў з намі малады Габрэй, раб начальніка целаахоўцаў; мы расказалі яму сны нашыя, і ён растлумачыў нам кожнаму адпаведна яго сну;
- 13. і як ён растлумачыў нам, так і збылося: я вернуты на месца маё, а той павешаны.
- 14. І паслаў фараон і паклікаў Язэпа. І пасьпешна вывелі яго зь цямніцы. Ён пастрыгся і зьмяніў вопратку сваю і прыйшоў да фараона.
- 15. Фараон сказаў Язэпу: мне сьніўся сон, і няма нікога, хто растлумачыў бы яго, а пра цябе я чуў, што ты ўмееш тлумачыць сны.
- 16. І адказваў Язэп фараону, кажучы: гэта не маё: Бог дасьць адказ на карысьць фараону.
- 17. І сказаў фараон Язэпу: мне сьнілася: вось, стаю я на беразе ракі;
- 18. і вось, выйшлі з ракі сем кароў укормленых целам і добрых з выгляду і пасьвіліся ў трысьнягу;
- 19. але вось, пасьля іх выйшлі сем кароў іншых, кепскіх, вельмі благіх з выгляду і худых целам: я ня бачыў на ўсёй зямлі Егіпецкай такіх кепскіх, як яны;
- 20. і зьелі худыя і кепскія каровы ранейшых сем кароў укормленых;
- 21. і ўвайшлі ўкормленыя ў нутробу іхнюю, але ня прыкметна было, што яны ўвайшлі ў нутробу іхнюю: яны былі такія самыя благія з выгляду, як і да таго. І я прачнуўся.
- 22. Потым сьнілася мне: вось, на адной сьцябліне паднялося сем каласоў поўных і добрых:
- 23. але вось, пасьля іх вырасла сем каласоў тонкіх, пустых і высушаных усходнім ветрам;
- 24. і зжэрлі худыя каласы сем каласоў добрых. Я расказаў гэта вяшчунам, але ніхто не растлумачыў мне.
- 25. І сказаў Язэп фараону: сон фараонаў адзін: што Бог зробіць, тое ён абвясьціў фараону.
- 26. Сем кароў добрых, гэта сем гадоў; і сем каласоў добрых, гэта сем гадоў: сон адзін;
- 27. і сем кароў благіх і худых, якія выйшлі пасьля тых, гэта сем гадоў, таксама і сем каласоў худых і высушаных усходнім ветрам, гэта сем гадоў голаду.
- 28. Вось, чаму сказаў я фараону: што Бог зробіць, тое Ён паказаў фараону.
- 29. Вось настаюць сем гадоў багацьця на ўсёй зямлі Егіпецкай;
- 30. пасьля іх настануць сем гадоў голаду: і забудзецца ўсё тое багацьце на зямлі Егіпецкай, і зблажыць голад зямлю,
- 31. і пазнаванае будзе ранейшае багацьце на зямлі, з прычыны голаду, які прыйдзе пасьля, бо ён будзе вельмі цяжкі.
- 32. А што сон паўтарыўся фараону два разы, гэта азначае, што гэта сапраўды слова Божае, і што неўзабаве Бог выканае гэта.
- 33. І сёньня хай нагледзіць фараон чалавека разумнага і мудрага і хай паставіць яго над зямлёй Егіпецкай.
- 34. Хай загадае фараон паставіць над зямлёю наглядчыкаў і зьбіраць у сем гадоў багацьця пятую частку зь зямлі Егіпецкай;
- 35. хай яны бяруць усякі хлеб гэтых будучых добрых гадоў і зьбяруць у гарадах хлеб пад руку фараона на ежу, і хай ашчаджаюць;
- 36. і будзе гэтая ежа запасам для зямлі на сем гадоў голаду, якія будуць у зямлі Егіпецкай, каб зямля не загінула ад голаду.
- 37. Гэта спадабалася фараону і ўсім слугам ягоным.
- 38. І сказаў фараон слугам сваім: ці знойдзем мы такога, як ён, чалавека, у якім быў бы Дух Божы?
- 39. І сказаў фараон Язэпу: як бо Бог адкрыў табе ўсё гэта, дык няма такога разумнага, як ты;
- 40. ты будзеш над домам маім, і твайго слова трымацца будзе ўвесь народ мой; толькі тронам я буду большы за цябе.
- 41. І сказаў фараон Язэпу: вось, я пастаўлю цябе над усёю зямлёю Егіпецкаю.
- 42. І зьняў фараон пярсьцёнак свой з рукі свае і надзеў яго на руку Язэпу; апрануў яго ў вісоннае адзеньне, усклаў залаты ланцуг на шыю яму;
- 43. загадаў везьці яго на другой сваёй калясьніцы і абвяшчаць перад ім: схіляйцеся! І паставіў яго над усёю зямлёю Егіпецкаю.
- 44. І сказаў фараон Язэпу: я фараон; безь цябе ніхто не варухне ні рукою сваёю, ні нагою сваёю ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
- 45. І даў фараон Язэпу імя: Цафнат-панэах; і даў яму за жонку Асэнэту, дачку Потыфэра, жраца Она. І пайшоў Язэп па зямлі Егіпецкай.
- 46. Язэпу было трыццаць гадоў ад роду, калі ён стаў перад абліччам цара Егіпецкага. І выйшаў Язэп ад аблічча фараонавага і прайшоў па ўсёй зямлі Егіпецкай.
- 47. А зямля сем гадоў багатых радзіла зь зерня па прыгаршчах.
- 48. І сабраў ён усякі хлеб сямі гадоў, якія былі ў зямлі Егіпецкай, і паклаў хлеб у гарадах; у кожным горадзе паклаў хлеб палёў, якія былі вакол яго.
- 49. І ашчадзіў Язэп хлеба даволі многа, як пяску марскога, так што перастаў і лічыць, бо ня стала ліку.
- 50. Пакуль насталі гады голаду, у Язэпа нарадзіліся два сыны, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Іліёпальскага.
- 51. І даў Язэп імя першынцу: Манасія, бо Бог даў мне забыць усе няшчасьці мае і ўвесь дом бацькі майго.
- 52. А другому даў імя: Яфрэм, бо Бог зрабіў мяне плодным у зямлі цярпеньняў маіх.
- 53. І прайшло сем гадоў багацьця, якое было ў зямлі Егіпецкай,
- 54. і насталі сем гадоў голаду, як сказаў Язэп. І быў голад ва ўсіх землях, а ва ўсёй зямлі Егіпецкай быў хлеб.
- 55. Але калі і ўся зямля Егіпецкая пачала цярпець голад, дык народ пачаў галасіць фараону пра хлеб. І сказаў фараон усім Егіпцянам: ідзеце да Язэпа і рабеце, што ён вам скажа.
- 56. І быў голад па ўсёй зямлі; і адчыніў Язэп усе засекі і пачаў прадаваць хлеб Егіпцянам. А голад мацнеў у зямлі Егіпецкай.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Быцьцё > Глава 41