Глава 3

  • 1. У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай
  • 2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
  • 3. Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: "голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму".
  • 4. А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
  • 5. Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае
  • 6. і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.
  • 7. Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
  • 8. Прынясеце ж годны плод пакаяньня;
  • 9. і ня думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Абрагам"; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
  • 10. ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь;
  • 11. я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
  • 12. лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць вагнём непагасным.
  • 13. Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго.
  • 14. Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?
  • 15. Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго.
  • 16. І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; - і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.
  • 17. І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.